Ля бэтонамяшалкi яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнiтуры. Маладзён прыязна пасьмiхнуўся, пацiснуў руку i прапанаваў зайсьцi ў бытоўку.

- Хачу, Макар Iванавiч, задаць вам пару пытаньняў, - ласкава прасьпяваў маладзён i ў Макара Iванавiча ўраз зазьвiнела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былi нядоўгiмi. Маладзён запытаўся - цi часта ён сустракаецца са шваграм, цi даваў яму швагра якую-небудзь шкодную лiтаратуру i цi прапаноўваў зьезьдзiць у Зэльву, да нейкай паэткi, прозьвiшча якой Макар не дачуўся.

Зьбiваючыся на кожным слове, ён паведамiў маладзёну, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды i ўсялякай iншай лiтаратуры не чытае, а ў Зэльву езьдзiў, але не да паэткi, а каб абмяняць жалезабэтон на электраабсталяваньне.

Маладзён слухаў усё гэта з ленай усьмешкай на вуснах i нават пазяхнуў у жменю, а потым дастаў з "дыплямату" асадку з паперай i ўсё тым жа лiсьлiвым голасам прасьпяваў:

- Напiшыце - што кажа пра мужа вашая сястра.

Заняты сваiмi думкамi, Макар i не заўважыў, як адарваўся ад напарнiка. Швагрусь адстаў мэтраў на дваццаць i да таго ачмурэў ад сьпёкi, што нiчога ня бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лобам i акуляры швагрусёвы цiха чвякнулi ў пясок.

"Колькi яшчэ?" - запыталiся асавелыя швагравы вочы i ўраз праясьнелi, бо ў зрэнках мiльганула залацiстая палоска вады.

- Я зараз, - буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву i пабег да закiнутай адрыны, у якой дзядзька Трахiм хаваў вёслы.

Возера плёскалася ля ног, адбiваючы распаленае неба, i ад таго здавалася такiм жа гарачым i бяздонным. З гучным крэканьнем яны выпхнулi лодку ў ваду, Макар налёг грудзiнаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанэрыны - вёслы ў адрыне так i не знайшлiся. Зрэшты, доўга заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмiнула зарасьцi ўрэчнiку i Макар панурыў у ваду "катвiгу" - прывязаны да вяроўчыны камень.



15 из 20