Паветра зьлёку дрыжэла ад сквару i пад галовамi вудалёў плыла, пералiваючыся на сонцы, даўжэзная павуцiнка. Павуцiнка зачапiлася было за вудзiльна, потым паплыла далей i неўзабаве лягла на ваду, сабраўшы вакол сябе цiкаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтар пазначанага павуцiнкай наўкола, i цiўкнуў швагравы плавок. Хвiлiну плавок павольна i разважлiва круцiўся ў розныя бакi, потым тузануўся i нечакана зьнiк у гульлiвай вадзе. Швагра, вiдаць, дагэтуль нiколi не вудалiў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногi, тузануў вудзiльна i пры гэтым ледзьве не перакулiў лодку.

- Цiха ты, йоп... - Макар схапiўся за барты i па лобе ягоным пляснула трапяткая платвiца, што матлялася на лёсцы.

Швагра доўга ня мог схапiць рыбку, а калi, нарэшце, схапiў, дык не наважыўся зьняць з кручка.

Платвiца глыбока заглынула чарвяка, таму Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбiнай зяпкi, пiхнуў плотку ў полiэтыленавую торбу. Пры гэтым ён бачыў - як балесна скрывiўся швагравы твар.

- Што, рыбку шкада? - хмыкнуў Макар, а абцёршы аб штаны вiльготныя рукi, запытаў: - Ты ў пiўной хоць раз быў?

- Пры чым тут пiўная? - азваўся швагра.

- Ну як жа... Зьбiраецеся рэвалюцыю рабiць, а самi ў пiўной не былi, ня ведаеце - чым народ дыхае.

Швагра плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, але нiчога не адказаў.

- Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Мацi слухала-слухала, дый кажа: "Бурузьдзiць абы што".

Швагрусь i гэтым разам змаўчаў, але маўчаньне яму цяжка давалася: плех швагравы хваравiта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе й плавок.

"Псых натуральны", - падумаў Макар i ў той жа мiг убачыў, што плавок, якi дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакiнуўшы па сабе самотную бурбалку.

- Цягнi! - гракнуў Макар, швагра тузануў вудзiльна, павалiўся на дно лодкi i, пакуль ён падаў, перад носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.



16 из 20