У паветры пахла нейкай брыдой - цi то прэлымi шкарпэткамi, цi то кашэчымi сцакамi, i ад таго паху ў прадоньнi Макаравай душы зварухнулася сьвярблiвае жаданьне - шпурнуць у натоўп гранату, цi, у крайнiм выпадку, заехаць якому алкашу кулаком мiж вачэй. Жаданьне было такiм палкiм, што Макар скрыгатнуў зубамi i пацёр параносьсе, згадваючы - куды ён падзеў падораную прапаршчыкам Базылём "лiмонку" Ф-2, а суняўшы шал, выцягнуў шыю i пашукаў у натоўпе сяброў.

Натоўп бязладна гаманiў, варушыўся i дзесьцi ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзьлiвы голас алькагалiчкi Нiнкi-Пятлюры.

- Нiна! - крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далонi, але тая, да каго ён зьвяртаўся, не пачула.

Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сiвы дзядок i, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.

- Нiнка, йо..! - крыкнуў Макар другiм разам, глянуўшы на натоўп з вышынi драцяной скрынi i Нiнка, мiргнуўшы падбiтым вокам, незадаволена адгукнулася:

- Ну шчо тобi?

Макар мацюкнуўся, дэманструючы недарэчнасьць такога пытаньня й разьвёў рукамi.

У нетрах таўпенi захвалявалiся. Хтосьцi здушана войкнуў, зь нечай лысай галавы зьляцеў капялюш, i Нiнка, вiскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар гаўклiвым воклiчам:

- Што ты став, як хер моржовы?! Грошы давай.

Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамi, Макар праводзiў яе ўстрывожаным позiркам, нэрвовай хадою прайшоўся ў бок унiвэрмагу, сьцепанаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгi тыя з кожнай хвiляй рабiлiся ўсё больш рашучымi й гiстэрычнымi.

- Ну куды, куды лезеш хахляра?!



4 из 20