- Заткнi ляпу, йiврэй!

Пасьля такога дыялёгу з лысай галавы iзноў зьляцеў капялюш, уладальнiк капелюша тузануўся, штосьцi крыкнуў, але, атрымаўшы пустой полiэтыленавай канiстрай па лобе, суцiх i зьнiк зь вiдавоку.

Нiнка вылезла з натоўпу хвiлiн празь пяць. Трымаючы на ўзьнятых руках торбу з пiвам, яна нiяк не магла супакоiцца й мацюкалася, пасылаючы праклёны паўзьверх людзкiх галоў. Каб суняць мацюкальнiцу, Макар пiхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнiчкай, але й захлынуўшыся дымам, Нiнка не супакойвалася i сiплым голасам абяцала начысьцiць рэпу "старому йiврэю".

Торба была паўнюткай - пiва халадзiла руку, варушылася на далонi. Уеўшыся зубамi ў полiэтылен, Макар цэдзiў гаючы напой, не пераводзячы дыху. Пiва лiлося ў нос, залiвала вушы i калi б можна было патануць у iм, пахмельны пакутнiк зрабiў бы гэта зь вялiкай ахвотай. Заглынуўшы добрых тры лiтры, вернуты да жыцьця пакутнiк плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана i ўадначас задаволена выдыхнуў:

- Ой, бля-а...

Галава ўмэнт праясьнела, сьвет набыў натуральныя фарбы й Макар, прымружыўшыся, разгледзеў колер трусоў, што вiселi на Тамарчыным гаўбцы. Пару хвiлiн ён ачмурэла глядзеў на чырвона-зялёныя трусы, а сёрбнуўшы з торбы, уголас прашаптаў:

- Можа i сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?

Макар падхапiўся на ногi, аддаў торбу з рэштай пiтва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрынi, парывiстым крокам рушыў па ходнiку.

Хоць Тамарка i жыла непадалёку - "хрушчоба" ейная стаяла на другiм канцы вулiцы, - бываць у сястры даводзiлася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькi раз i заходзiў, калi сястра папрасiла павесiць дыван на сьценку. I то, перад тым, як прыйсьцi, пяць разоў перапытаў - цi будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо памiж iмi, яшчэ за даўнiм часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходнiку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў спачатку вуснамi, потым пальцамi, - а налiчыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.

Дажджыстым лiстападам, адседзеўшы тыдзень на гарнiзоннай "губе", Макар ехаў пасьля службы дахаты. I ехаў не адзiн, а з сябруком - Васькам Замундалiным.



5 из 20