
Прымасьцiўшыся на скрынi для сьмецьця - якраз насупраць вагоннай прыбiральнi, - сябры пiлi нагбом агiднае лiтоўскае "чарнiла", смалiлi пяршывыя цыгарэты й нахабнымi вачыма паглядалi на дзяўчын, якiя сноўдалi па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьцi ў прыбiральню, але, пабачыўшы падпiтых дэмбелюкоў, яны паварочвалi назад, альбо iшлi ў iншы вагон.
- Нiшця-ак... яшчэ сюды вернемся... - мармытаў памiж зацяжкамi туляк Васька Замундалiн, мацаючы шнар на верхняй губе.
Губу Ваську разьбiлi лабусы. На кастрычнiцкiя сьвяты сябры зьбеглi ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнiчку, а Макар падарунак сястры, якая выходзiла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакi зазiрнулi ў пiўнiцу, выпiлi па чатыры кухлi густога бiржайскага пiва, пабiлiся з лабусамi, а калi, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулi ў цёмны кут i сталi палiваць касьцельны мур, за сьпiнамi iхнымi ўжо стаяў вайсковы патруль.
Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак i даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалi на сестрыным вясельлi, таму давялося прасiць канваiра, каб той адбiў тэлеграму: "Затрымлiваюся на манэўрах".
Туляку адседка таксама далася ў знакi. Вярнуўшыся пасьля "губы" ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далонi i паабяцаўшы замачыць ня толькi шаўляйскiх лабусаў, але й адэсiта Базылевiча. Базылевiчава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк i вырашыў, што гэта адэсiт прыхапiў альбом, калi зьяжджаў дахаты. У наступныя днi Васька зблажэў, зьехаў з твару i раз-пораз пырскаў сьлiнай, абяцаючы ўтапiць хахляру Базылевiча ў Чорным моры...
На станцыi Даўгаўпiлс сябрукi ўзялi на апошнiя грошы дзьве пляшкi пiва, пагаманiлi з грудастай праваднiцай, надрапалi на вагоннай сьцяне запаветныя лiтары "ДМБ-76" i праз паўгадзiны ўжо спалi, навалiўшыся на вагонны столiк i бязвольна матляючы стрыжанымi галовамi.
