
Позьнiм вечарам грудастая праваднiца стала трэсьцi Макара за плячук, Макар пускаў сьлiну, штосьцi мармытаў спрасонку i абудзiўся толькi тады, калi ў суседнiм купэ грукнулi кiрзачы й нейкi дзяцюк жартам галёкнуў:
- Рота-а, пад'ём!
Макар зiрнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак вiцебскага вакзала i адчайным позехам вiтаў родную зямлю.
Ён хацеў сыйсцi цiха, не абудзiўшы сябра, але ў апошнi момант перадумаў ляпнуў Ваську па карку.
Яны выйшлi на пэрон, выпалiлi па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь iм у Азярышча.
- Гульнём на вясельлi, гарэлкi вып'ем, зь дзеўкамi пазнаёмiмся, - казаў Макар, туляк мармытаў штосьцi пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Вiцебску жыве аднакашнiк, у якога можна апахмялiцца, сплюнуў густую сьлiну i пабег у вагон за рэчторбай.
Аднакашнiк, Толiк Манькiн, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным iнтэрнаце. Дабралiся туды процi ночы, доўга блукалi па цёмных калiдорах ды чыркалi запалкамi, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калi, нарэшце, знайшлi патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:
- А можа ня варта? Позна ўжо.
Але Макар нацiснуў на званок - раз, потым другi, i ў асьветленай пройме паўстаў Толiк - у трусах, у салатавай майцы i з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнiк доўга мружыўся, чухаў пахвiньне, а пачуўшы зьвяглiвы жаночы голас, што прагучаў за сьпiнай, азiрнуўся i люта рыкнуў:
- Ды змоўкнi ты, с-сука!
Тут ужо i Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькiна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрылiў рукi:
- Макарка! Дэмбельнуўся!
Яны ўбiлiся ў цесную кухню, селi ўкол стала, пагаманiлi напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды i вярнуўся зь лiтровым слоiкам у руках.
- У Мiронаўны ўзяў. Толькi што выгнала, - паведамiў гаспадар, паставiўшы перад гасьцямi слоiк з самагонкай.
