
Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбiдам, да таго ж пiць давялося прыхапкам, бо Толiкава жонка штохвiлi грукала ў сьценку i здушана лаялася. Кульнуўшы пару кiлiшкаў, Макар захмялеў, кiнуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухнi, прыцiснуўшыся скроньню да газавай плiты. Туляк з Манькiным яшчэ колькi часу гаманiлi, потым пачалi дужацца рукамi, скiнулi на падлогу слоiк з самагонкай i на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусiўшы нiжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: "Заб'ю, п'янтосiна!", але Макар нiчога гэтага ня чуў i ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкi беспрабудны сон.
Ранiцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на "дызель", Макар жа прачнуўся а дзевятай - з хворай галавой, з ламотай у касьцях i з рэзьзю на доле жывата. I абудзiла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванiтавала i гэта наводзiла на думку, што самагон i сапраўды быў з карбiдам. Той хвiляй Макара таксама пацягнула на ванiты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногi i пiхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.
...Праз тры гадзiны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыi нiчога не зьмянiлася. Усё так жа шумелi на ветры згалелыя таполi, на таполях сядзелi тыя ж самыя гракi, плякат на агароджы ("Не ходите по путям!") гэтак жа, як i два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай i толькi прыстанцыйная прыбiральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбiральня ператварылася ў цёмна-брунатную i старыя надпiсы на яе сьценах выразна прабiвалiся скрозь новую фарбу.
Унутры, аднак, сьцены не фарбавалi. Макар, стаўшы над цёмнай адтулiнай, стаў разглядаць колiшнiя свае малюнкi, ды тут сьвет паплыў уваччу i ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязiну. Плакаў, зморана аддзiмаючыся, i Васька Замундалiн: у прыбiральнi сьмярдзела хлёркай i смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабiўшы апошнiх кропляў, Макар выбег на пляцформу i адразу ж патрапiў у матчыны абдоймы.
