
Па-першае, я атрымаў доступ да Юркавай бiблiятэкi, дзе накiнуўся на васьмiтамовiк Конан Дойла, а потым узяўся за зялёныя фалiянты "Сусветнай гiсторыi".
Па-другое, я даведаўся, што Юрка марыць стаць журналiстам-мiжнароднiкам i падарожнiчаць па розных краiнах. (Падзялiўшыся таямнiцаю, ён узяў з мяне пiсьмовую прысягу маўчаць.)
Па-трэцяе, дзякуючы Юрку, я ўпершыню выпiў вiна. Мой дэбют адбыўся ў дзень заканчэння дзевятага класа. Мы сядзелi з Юркам у ягоным пакоi з кнiгамi, i ён без усякай прадмовы вывудзiў з-за таўшчэзных тамоў "Сусветнай гiсторыi" даўгую пляшку венгерскага рыслiнгу.
Мы пiлi кiслявы рыслiнг з каньячных кiлiшкаў i закусвалi свежым батонам з разынкамi. Пляшка не паспела апусцець, а я без прывычкi ўжо бачыў Юрку нiбыта праз тоўстае шкло акварыума. Юрка заявiў, што ён цвярозы, як вось гэтыя кнiгi, бо кожнае лета ездзiць да сваякоў у Закарпацце, а там пачынаюць пiць вiно з дзiцячых садкоў. У мяне крэўных у Закарпаццi не было, а таму пасля пары новых кiлiшкаў з кнiжнае шафы мне выразна падмiргнуў барадаты фотапартрэт Хемiнгуэя. Спалохаўшыся, я прапанаваў прагуляцца. Юрка глыбакадумна адказаў, што ў такi дзень яму хочацца паглядзець на раку, i мы пайшлi на Верхнi замак.
Там, над Дзвiной, якая памятала пра нашую адвагу, я загаварыў пра лёхi, што ў сярэднявеччы стваралi пад Полацкам падземны горад-лабiрынт, а Юрка ўрачыста паабяцаў, зрабiўшыся журналiстам, прывезцi сюды мiжнародную археалагiчную экспедыцыю. Я ўжо здагадваўся, што такое мужчынскае сяброўства: гэта калi можна выпiць вiна i адкрыць сябру любую таямнiцу.
На Верхнiм замку я пачуў, што Юрку падабаецца наша новая вучанiца Ларыса Жылкiна, а на падвесным мосце над Палатой язык у яго конча развязаўся i мне быў давераны працяг тайнiцы: яна, Ларыса, таксама не абыякавая да Юркi. На лета яны абое з'язджаюць, каб у разлуцы выпрабаваць пачуццi, а ўвосень Юрка павiнен, як ён выказаўся, да канца быць мужчынам, бо, апрача ўсяго iншага, гэта надзвычай важна для будучага журналiста. Прызнаюся, што Юркаў намер выклiкаў у маёй душы паблажлiвае пачуццё перавагi, таму што я, хоць i не каштаваў вiна, смак iншых забароненых пладоў ужо ведаў.
