
Усё жыхарства Ягаднага падзялялася на тры вялiкiя катэгорыi: супрацоўнiкi спецкамендатуры, былыя зэкi, што атабарылiся тут пасля "хiмii", i хiмiкi цяперашнiя. У пасёлку "хiмiчылi" тры сотнi мужчынаў i сотня прадстаўнiц лепшай паловы чалавецтва (гэтыя трапiлi сюды выключна з Ленiнграда i выключна за амаральныя паводзiны). На венерычныя хваробы ў пасёлку, калi верыць капiтану, не хварэлi хiба толькi бурундукi ды вавёркi. У лазню рэкамендавалася не хадзiць, каб не падчапiць заразы. У пясчаных кар'ерах рэкамендавалася не купацца, каб не зарэзалi i, згодна з мясцовай традыцыяй, не прысыпалi пясочкам. Перасоўвацца па пасёлку, асаблiва ўвечары, капiтан раiў групамi.
Мець з хiмiкамi i хiмiцамi якiя-небудзь стасункi катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас i пасялiлi на ўскраiне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткi два занятых хiмiкамi фiнскiх дамкоў i прыкладна столькi ж чакала будучых насельнiкаў, што яшчэ цягнулi тэрмiн на зоне.
Пакуль гаспадары гэтага "хiмкомплексу" былi ў тайзе, мы ў кампанii з двума прапаршчыкамi блукалi ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з iх была перапрафiляваная ў прыбiральнi з адпаведным краявiдам i водарам. Некалькi дамкоў ужо адслужылi гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такi магутны, што заставалася толькi паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павiнны былi спарахнець, i даследчыкi, прынамсi, не мелi б неабходнасцi сушыць мазгi над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет i рознага лапушыстага таежнага зяленiва, карысталiся, перапрашаю, пальцамi, якiя потым старанна выцiралi аб пабелены тынк?
Нарэшце мы знайшлi два дамкi, дзе яшчэ нядаўна хтосьцi жыў, i таму iх не паспелi ператварыць у будучую археалагiчную галаваломку. Мы з Генiкам, Бугром, Чарнiловiчам i рудым, як iржавая бляха, Джонам Галяком скiнулi заплечнiкi там, дзе на падлозе сiратлiва ляжаў агульны сшытак з перапiсанымi акуратным дзявочым почыркам песнямi, першая з якiх называлася "Полюбила заключенного".
