Хлопцы пацягнулiся ў краму, а я на выпадак, вiдаць, усё ж такi непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся блiжэй пазнаёмiцца з яго фальклорам i разгарнуў спеўнiк:

На равнине широкой

Стоит крест деревянный.

Его девушка нежно

Прижимает к груди,

А за ней, как икона,

Там запретная зона,

И, как свечку у гроба,

Часовой на посту...

Мы бежали с тобой

Зеленеющим маем,

Когда тундра надела

Свой роскошный наряд...

Немаведама якой вiхураю занесла сюды два вершы Ясенiна i адзiн - Арсенiя Таркоўскага, ад якiх, быццам ад галiнкi язмiну ў набiтым потнымi целамi агульным вагоне, на момант павеяла свежасцю. Далей iшла рарытэтная, амаль спрэс нецэнзурная песня пра тое, як бацька меў трох сыноў, прычым трэцi быў гермафрадыт. Я перагарнуў яшчэ старонку. Побач з даволi прафесiйным малюнкам таго, што сексолагi таямнiча называюць кейраю, тым самым круглявым почыркам уседлiвай васьмiкласнiцы было выведзена:

Может, фраер в галстучке атласном

Вас сейчас целует у ворот...

Засвоiць iлюстраваны тэкст далей я не паспеў, бо знадворку разлеглiся такiя вусцiшныя цi, дакладней, велiчныя мацюкi, што ў параўнаннi з iмi нецэнзурны дрыблiнг Рэпiна-дацэнта выглядаў, як пяцiпавярховая хрушчоба побач з нью-йоркскiм хмарачосам.

Не было сумневу, што тырады, генiяльна складзеныя амаль выключна з ненарматыўных лексемаў, належаць жаночаму голасу. Сэнс палымянай фiлiпiкi, аздобленай абяцанкамi нешта адкусiць, адкруцiць i адпiлаваць па кавалачку, зводзiўся да таго, што я ўварваўся на чужую тэрыторыю.

Услед за ўдарам нагой дзверы адчынiлiся, i на парозе я ўбачыў зусiм не карготу са з'едзеным пранцамi носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзiнку гадоў на дваццаць, якую i сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых iстотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнiя ўжо сорак.



11 из 45