
Старшакласнiкi, успамiнаў, гледзячы на нас сумнымi антрацытавымi вачыма, Сашка, выбiралi сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, i тыя ўвечары, калi сыходзiлi выхавацелькi, беглi ў спальню да сваiх уладароў i заставалiся там да ранiцы. Узiмку дзяўчо, што круцiлася ў ложку адно, пякуча зайздросцiла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф i дровы адмiнiстрацыя заганяла налева.
За што Сашка адзвiнеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелi, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генiк пасля чарговага шклабою прадбачлiва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркi i яшчэ больш прадбачлiва, як засведчылi далейшыя падзеi, захапiў з сабою паляўнiчую стрэльбу.)
Першы, хто сустрэў нас на новым месцы, быў капiтан пасялковае спецкамендатуры. Ягоная прывiтальная прамова змусiла задуменна прысвiснуць нават такога бывальца, як колiшнi марак савецкага рыбалоўнага флоту, наведнiк дацкiх, талiнскiх i рыжскiх публiчных дамоў Мiша Гарэлiк на мянушку Бугор, якi даводзiўся братам байцу Лявону Гарэлiку, таму самаму, што друкаваў у "Мiлавiцы" свае опусы ў духу вельмi ранняга Джозэфа Конрада пад псеўданiмам Джон Галяк.
