Угледзеўшы сшытак з песнямi, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук i выплюнула проста ў твар вытанчаную кулiнарную фантазiю на тэму яечнi з адпаведных частак майго цела.

"Ты што?" - вырвалася ў мяне. I тут прычынiлася малаверагоднае: чароўная мацюкальнiца залiлася чырванню такой кансiстэнцыi, што барвы, здавалася, хапiла ёй i на невялiкiя мячыкi вызваленых ад станiка грудзей пад лёгкай майкай, i на выштукаваныя нiбыта па лякалу клубы, i на даўгiя ножкi ў кiтайскiх кедах. Працяг атрымаўся гэткi ж неспадзяваны: бландзiнка iмпэтна павярнулася i кiнулася прэч, але яўна не па падмогу.

"Ёсць першы кантакт!" - падумаў я i з цiхiм жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калi ўсе хiмiцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай вiзiтанткi.

Увечары Генiк узяў аркушык паперы, падзялiў яго рыскаю на дзве часткi i зверху кожнае паставiў + i -. Мiнусы былi пералiчаныя капiтанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, якi, у адрозненне ад нiзiннага Бл. Яра, тут збiвала ветрам назад у тайгу, i прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада "Amazonki" з Томскага ўнiверсiтэта. Амазонкi таксама жылi ў "хiмкомплексе". "Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесiю спiхнуць..." - задуменна прамовiў Дж. Галяк. "Я балдзею..." - прыгаломшана азваўся калега Чарнiловiч. Генiк нi з пушчы нi з поля паведамiў, нiбыта антычныя амазонкi, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалi сабе цi то левую, цi то правую грудку. "Мы гэтага не дапусцiм", - адлучана растулiў вусны Бугор, якi ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, i ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне.

Як паказалi блiжэйшыя днi, атрад "Amazonki" мала нагадваў запаведнiк непалоханых нявiннiц.

Па-першае, там меўся "амазон" - "цяжкi" падлетак Вiця, старшакласнiк адной з томскiх школ, апошнiм подзвiгам якога, паводле чутак, была саляная кiслата, прадбачлiва налiтая на крэсла, куды грацыёзна апусцiла сваю попку ў тонкай мiнi-сукеначцы юная настаўнiца бiялогii.



12 из 45