
У нас з амазонкамi таксама склалiся сякiя-такiя адносiны. У мяне яны спярша склалiся з будучым педагогам-матэматыкам Ленай, якую сяброўкi звалi Элен. Я абдымаў яе на лавачцы каля сталоўкi, а яна, ахутаўшыся цыгарэтным дымам, апавядала, што ў яе ў раднi вадзiлiся шведы. У Эленiным аблiччы сапраўды прысутнiчала штосьцi скандынаўскае: роўныя льняныя валасы да сярэдзiны таго месца, на якiм атрымала кiслотны апёк гаротная Вiцева выкладчыца; ромбападобны твар, ад якога цягнула халаднаватым ветрыкам; гэткiя ж, з марскiм халадком, светла-шэрыя вочы, што нязменна захоўвалi санлiвую абыякавасць, калi я спрабаваў ёй расказваць пра Беларусь, i адразу прачыналiся, як загаворваў пра вiленскiя начныя рэстарацыi, у прыватнасцi пра "Дайнаву", дзе ў тыя часы стары Шабаняўскас (той самы, чый голас даносiцца з рэпрадуктара ў рамане Ёнаса Авiжуса "Страчаны прытулак"), яшчэ спяваў аб прыгажунi Элiт, якую носяць па свеце "цуда-ножкi", i жанчыны ўскоквалi з-за столiкаў i дарылi сiвому маэстра чырвоныя ружы.
Не ўважаючы на застрашлiвае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамi купалiся ў кар'ерах, збiваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбiралi новы. Цi трэба ўдакладняць, што мы адважвалiся не толькi на гэта? Рассцiланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручнiка напраўду вымагала адвагi, бо дым вогнiшча зусiм не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалi ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталiся сцiшаныя i лагодныя.
