
Нас было ўсяго дзесяць, а амазонак - у 3,3 раза болей, а таму ў атмасферы над Ягадным густа пульсавалi сiлавыя лiнii здаровай жаночай канкурэнцыi. Аднаго вечара я дзяжурыў у сталоўцы разам з чорненькай амазонкаю Вiкай i пачуў з яе вуснаў сваю характарыстыку, якою Элен дзялiлася з канфiдэнткамi. Паводле Элен, атрымлiвалася, што я "ничего мужик", аднак вальтануты, бо замест нармалёвай прэлюдыi абавязкова павiнен расказаць пра сваё беларускае балота. Асуджальнасць надзьмутых губак дзяжурнай адрасавалася, вядома, не мне. Вiка зрабiла бездакорны ход: я горка шкадаваў, што я - не "цяжкi" падлетак Вiця, а Элен - не мая настаўнiца бiялогii.
Назаўтра вечаровае люстра кар'ера замест даўгiх iльняных пасмаў убачыла кароткiя чорныя кудзеркi. У адрозненне ад Элен дачка патомных фiлолагаў Вiка ажно два днi пабыла непадступнаю. Навучаны сумным досведам, пра Беларусь я даў сабе зарок i не заiкацца, але паколькi гуляць у маўчанку таксама не выпадала, на трэцi вечар (да чаго толькi нi давядзе ўзбунтаваная кроў!) у абладзе дурнаватага натхнення я неспадзявана заявiў, быццам належу да прыхiльнiкаў зараастрызму.
Нашая секта iснавала ў глыбокiм падполлi, але не мела нiчога агульнага з аскезай. Асцярожна расшпiльваючы гузiк за гузiкам, я прыцiшана выкладваў усё ацалелае ў памяцi пасля экзамену па навуковым атэiзме - пра светлае божышча з дзiвосным iмем Ахурамазда, што вяло несупыннае змаганне з сваiм адвечным спадужнiкам, увасабленнем цёмных сiл Анхрам-Майнью.
