Блукала пагалоска, быццам за жалезным Язэпам з той стромы выпраўлялi ў рай цi ў апраметную падарожнiкаў па ГУЛАГу, таму тубыльцы i хiмiкi не надта ганаравалi тэрасу. Нас такiя размовы не спынялi, i кожны (вядома, не адзiн) паспеў ужо ацанiць вартасцi гэтай падобнай да вялiкай альтанкi зацiшнае мясцiны, дзе апрача ўсяго iншага можна было, не падымаючыся з долу, дасхочу наесцiся буйных салодкiх бруснiцаў.

Усё iшло б ладам, каб Бугру з Толiкам Раслiнскiм з суседняга фiнскага дамка не заманулася ў той дзень выпiць з самае ранiцы. Мне цяжка сказаць пра Толiка што-кольвек iстотнае, акрамя таго, што ён свяцiў з рота залатым зубам i без вялiкiх поспехаў займаўся ў секцыi бокса, а таму прывёз у Сiбiр пальчаткi i часам баксiраваў з "цяжкiм" падлеткам Вiцем.

Мiша Бугор быў асобаю зусiм iншага кшталту i сумеру.

Пяць гадоў Мiша плаваў на СРТ, што расшыфроўваецца як сярэднi рыбалоўны траўлер.

Марское жыццё цяжка назваць школаю высокай маральнасцi.

Мiша пiў вiскi на Ньюфаўндлендзе i, прымушаючы абарыгенаў акругляць вочы i застрашана блiскаць бялкамi, галёнамi скупляў медычны спiрт у аптэках Гаваны i Сант'яга-дэ-Куба. Змыты хваляю за борт ля берагоў Данii, ён трапiў у партовы шпiталь, а адтуль, дзякуючы знаёмству з вусатым польскiм матросам, што прызнаў Мiшу за земляка - у тамтэйшы публiчны дом.

У доме пад чырвоным лiхтаром прыяцелi сербанулi рому, выбралi з прапанаванага гаспадыняю фотаальбома па дзяўчыне i бадзёра накiравалiся ў нумары.

У самае адказнае iмгненне Мiша з ягонай маленькай мулаткаю пачулi ненавязлiвы стук у дзверы, а ўслед далiкатнае пытанне на чысцюткай расейскай мове: "Товарищ Горелик, вы здесь?" Абвялы Мiша не паспеў нацягнуць штаноў, як з калiдора пачулася ўжо не пытанне, а загад: "Товарищ Горелик, открывайте! Мы знаем, что вы здесь". За дзвярыма стаяў малады супрацоўнiк савецкага пасольства, што прыехаў выпiсваць Мiшу са шпiталя.



27 из 45