Усю ноч Мiша на астатнiя грошы частаваў супрацоўнiка ў партовых барах, спяваў з iм задушэўныя расейскiя песнi i выслухоўваў цвёрдыя мужчынскiя абяцаннi, што ён, супрацоўнiк пасольства, - магiла i ўсё застанецца памiж iмi двума.

Калi карабель прывёз Мiшу ў Талiн i зухаваты матрос, цiхамiрна пасвiстваючы, сышоў на прычал, каля чорнай "Волгi" яго спынiў някiдкi чалавек у макiнтошы з упраўлення КДБ па рабоце з маракамi, дзе наведнiку публiчнага дома растлумачылi, што ён зганьбiў годнасць савецкага чалавека i камунiста i заслужыў спiсанне на бераг.

Тое Мiшава прыбыццё ў порт прыпiскi атрымалася нетыповым. Звычайна, адчуўшы пад нагамi талiнскую набярэжную, Бугор i кампанiя такiх самых сяброў-кавалераў абводзiлi наваколле фанабэрлiвымi позiркамi закiнутых у нейкую задрыпаную копанку альбатросаў i маналiтным кагалам тупалi на стаянку таксi. Падарожжа ў талiнскае прадмесце Пiрыта мела свой рытуал. Марскi воўк, якi хоць крыху паважаў сябе, браў адразу не меней за тры таксоўкi. У першай ён нядбайна кiдаў на сядзенне набыты недзе ў высокiх штармавых шыротах капялюш, у другой мясцiлася валiза, у трэцяй уладкоўваўся сам гаспадар. Кавалькада машын спынялася водблiз плывучага рэстарана-шхуны, адкуль усцешаныя афiцыянты паспешлiва выстаўлялi розную сухапутную драбязу.

На колькi дзён рыбакi ўсталёўвалi на шхуне акупацыйны рэжым, прычым там i жылi, мыючы перад сном ногi шампанскiм. Закуплены з усiмi трыбухамi персанал баляваў разам з клiентурай, удасканальваючы веданне вялiкай i магутнай мовы старэйшага брата. Усе ўсiх паважалi, i жыццё нагадвала гульню дэльфiнаў у аквамарынавым Гольфстрыме.

Але неўпрыцям насоўвалася чуллiвая хвiлiна развiтання з заробленымi ў сусветным акiяне грашыма, пасля якое афiцыянты i метрдатэль без лiшнiх цырымонiй выкiдалi пацяжэлых дэльфiнаў на халодны пустэльны бераг. Хлапцы абдымалiся i раз'язджалiся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора.



28 из 45