
Каб вы лепей зразумелi, што такое Мiша Бугор, трэба ўзгадаць i гiсторыю з мухамi.
Рэч у тым, што аднаго разу пасля наведання Пiрыты Мiша затрымаўся ў Талiне i ў абладзе маркотлiвых думак пра няўмольнае наблiжэнне зусiм цвярозых i галодных дзён на апошнiя рублi зайшоў у рэстаранчык, дзе стаўся сведкам жудаснага скандалу. Вастравокi клiент знайшоў у падлiўцы муху. Ён на ўсю залу пагражаў звярнуцца ў цэнтральныя i мясцовыя газеты i на тэлебачанне, а афiцыянты, кухары i дырэктар стаялi перад iм навыцяжку i ўзахапы перапрашалiся. Iнцыдэнт скончыўся тым, што рэспектабельнага наведнiка, якi не любiў падлiвак з мухамi, накармiлi i напаiлi па поўнай праграме, не ўзяўшы нi рубля.
Вярнуўшыся ў матроскi iнтэрнат i наткнуўшыся позiркам на муху, Мiша не стаў сушыць мазгi над тым, як гэтая iстота прымудраецца шнураваць па столi дагары нагамi. Хутка тузiны з два чацвераногiх спрытнюг ужо сушылiся на шматтыражнай газецiне "Моряк Балтики".
Пачатак аперацыi прайшоў блiскуча. Рэстарацыю найшыкоўнейшага на той час талiнскага гатэля "Viru" Мiшаў страўнiк пакiдаў пад завязку наладаваны адборным пiтвом i едзiвам. Назаўтра, у "Старым Томасе", абслуга аказалася някемлiвай i Мiшу давялося тлумачыць, што ва ўсiм цывiлiзаваным свеце клiента ў такiх выпадках кормяць i пояць задарма. На трэцi дзень Мiшу застукалi ў той момант, калi ён, з'еўшы булён, задуменна аздабляў карыснай жамярыцаю з цюбiка з-пад лекаў свiную адбiўную. Пра вынаходнiка паведамiла прэса, i - хоць Мiша паспеў выкарыстаць усяго трох сухiх мух - рахункi за дармовыя пачосткi яму з дапамогаю прадажных газетчыкаў i мiлiцыi выставiлi ажно сем рэстаранаў i кавярняў.
Гiсторыю з мухамi я слухаў, седзячы ў салуне. Так мы называлi другi пакой нашай сiбiрскай хацiны, дзе зладзiлi нехлямяжы стол i пару лавак, а малады празаiк Джон Галяк здабыў недзе дзiцячы набор для выпальвання i, натхнёны братам, вывеў на вершняку над уваходам: "Тут жывуць дзiцяткi Джона Ячменнага Зярнятка". Мiша любiў Бёрнса.
