
Тамсама, у салуне, сярод пахаў моцнага тытуню, прывялага багуну i потнага мужчынскага цела я пачуў драматычны аповед пра Мiшаву службу ў савецкай армii.
Свой ганаровы абавязак перад сацыялiстычнаю радзiмай ён выконваў у густых пскоўскiх лясах, дзе мясцовыя жыхары (сама назва - "пскопские") растлумачылi маладзенькiм салдацiкам, што свята ў iх не лiчыцца за свята, калi каго-небудзь не зарэжуць. Але яшчэ да свята ў трох навабранцаў на дывiзiйных вучэннях не раскрылiся парашуты, i Мiша адчуў, што нiякая сiла, нават пагроза расстрэлу, ужо не змусiць яго скочыць у адкрыты люк самалёта.
На "гражданку" паляцеў роспачны лiст улюбёнаму дзядзьку - вясковаму фельчару. Увесь доўгi дзядзькаў адказ быў прысвечаны ўспамiнам пра тое, як у дзяцiнстве Мiша хварэў на лунатызм i па начах непрытомна шпацыраваў з выцягнутымi наперад рукамi па хаце, палохаючы меншых брацiкаў i сястрычак.
Тае ж начы шараговы Гарэлiк цiхутка падняўся з ложка i з выстаўленымi, як у невiдушчага, рукамi рушыў скрозь сiмфонiю размаiтых салдацкiх храпаў да тумбачкi днявальнага. Той таксама хроп, i, каб звярнуць на сябе ўвагу, "лунатык" мусiў двойчы ўрэзаць днявальнаму "пендаля". Наперадзе чакаў шпiталь i падазрэннi ў сiмуляцыi, але жалезная воля дапамагла сыну простага беларускага селянiна з-пад Вiлейкi вытрываць пакутлiвы аналiз спiннога мозгу i заняць бажаную пасаду вайсковага пiсара, на якой яму ўдалося тры разы выпiсаць самому сабе паперы на адпачынак у роднай вёсцы - там, дзе, шморгаючы смаркатым носам, бегала бясштаннае стварэнне, якому наканавана было праз паўтара дзесятка гадоў зацягнуць Мiшу ў ложак, потым у сельсавет, а потым зноў у ложак, але ўжо на законных падставах.
Меланхалiчна выцадзiўшы ў Джона Ячменнага Зярнятка пару шклянак партвейну, Бугор любiў пафiласофнiчаць. "Запомнi, Вовiк, - вучыў ён, - старасць - гэта калi ўсе маладыя сiкухi здаюцца прыгожымi". Развiваючы тэму, ён грубавата разважаў, што жанчыны дзеляцца на тых, якiя могуць табе даць, i тых, якiя нiколi не дадуць, а таму i першых, i другiх (гэтых - каб адпомсцiць) трэба як мага часцей ставiць у нязвыклыя сiтуацыi, каб выбiць з каляiны.
