
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тэарэтычную падкаванасць, жыццё ў Мiшы склалася якраз насуперак ягоным прынцыпам.
Пакiнуўшы талiнскую шхуну-рэстаран, ён прыехаў неяк увосень на сваю дзедзiну над Вяллёй i пайшоў у такi круты загул, што, прачнуўшыся аднойчы ранiцой, здзiўлена ўбачыў на падушцы побач з сабою галаву дзеўчынёхi-аднавяскоўкi. Мiша асцярожлiва выбраўся з-пад коўдры i надзеў нагавiцы, каб iсцi дахаты, ды дзяўчына расплюшчыла вочы i растлумачыла, што нiкуды iсцi не трэба, бо гэта i ёсць ягоная хата, а яны ўжо муж i жонка: учора ў сельсавеце iх распiсалi, а вяселле зробяць, як Мiша прывязе з плавання грошы.
З таго дня Мiшава жыццё пакацiлася па куп'i ды выбоiнах. У Талiне яго канчаткова спiсалi на бераг, неспадзяваная жонка нарадзiла крыклiвага дзiцёнка i вымагала грошай, а цешча пагражала аддаць пад суд за тунеядства, бо да сялянскае працы Бугор з яго марскiм характарам быў прыстасаваны, як кашалот да дрыгвянай сажалкi.
У вынiку пералiчаных маласпрыяльных абставiн Мiша рэгулярна, прыкладна раз на месяц, уцякаў з-пад Вiлейкi ва Ўладзiвасток. Па дарозе ён заяўляўся ў наш студэнцкi iнтэрнат да брата i запрашаў нас у рэстаран старога гатэля "Беларусь".
Тым вечарам з гаваркiм, поўным жыццёвае мудрасцi Мiшам не было б цаны, каб не адна акалiчнасць: ён нiколi не меў грошай, каб разлiчыцца, i мы выкладвалi свае стыпендыйныя рублi i траячкi, беручы з яго за гэта слова, што ва Ўладзiвасток ён паедзе наступнага разу, а заўтра ўраннi сядзе на маладзечанскую электрычку.
Чарговымi ўцёкамi ад жонкi сталася Мiшава з'яўленне ў шэрагах будатрада "Victoria", дзе ён i атрымаў сваю мянушку, што прырасла да колiшняга марака, быццам скура.
Дык вось, на Дзень будаўнiка Бугру разам з Толем Раслiнскiм захацелася свята ад самага ранку. Толiк меў план, паводле якога спярша трэба было падпаiць нашага земляка Жэню Шаньяна з Асiповiчаў, што быў шафёрам i "хiмiчыў" за смертазабойчую аварыю. Не ўважаючы на нашы слабыя пратэсты, байцы Гарэлiк i Раслiнскi ўзброiлiся двума фугасамi партвейну i рушылi ў свабодны пошук, дакляраваўшы сустрэцца з намi на тэрасе, дзе хiмiк Жэня напоiць усiх упокат.
