- Ну што ж... I выпiць трэба.

- Трэба! Хто кажа - не трэба? Гледзячы калi i як.

- Ну, ну. Дык Дзянiсаў у кусты. А далей?

- Што далей? Далей - як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукi. Аж спалохаўся. Ды не балiць. Што за халера! А пасля бачу - ляжыць Дзянiсаў, i мазгi на траве. Ты бачыў калi мазгi на траве?

- Не, не дай Бог...

- Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглi трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў - адзiн вобзем. Адзiн - прама, адзiн - убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: "Лапай таго!" - што ўбок, значыць. А сам за пярэднiм. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькi спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў - гляджу, даганяю. Ладны такi фрыцуга, цыбаты, у камбiнзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук - кулi ля вуха. А i я за дуб. Камель во! Нiякая куля не возьме. Ён пукне - ды за наступны. А я - за ягоны. Так i гулялi ў даганялку. I я, ведаеш, правiльна разлiчыў. Думаю, страляй, страляй, - у мяне болей патронаў. Я цябе прыцiсну...

- Ге, не дужа iх лёгка было прыцiскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылi чалавек сто, дык бiлiся да апошняга. Толькi параненых некалькi засталося. Астатнiя - трупы.

- Ну... Не, я правiльна скумекаў. Сышлiся мы за адзiн дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзiн бок, я - па другi. Тут ужо ўцякаць яму - не з рукi, баiцца, адбяжыць - я i тыркну ў спiну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод i бокам за iм. Ён бокам ад мяне. я ў другi бок - ён таксама. Як дзецi. Цяпер дык аж смешна. Тады - не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянiсава - такi хлапец!.. I вось якраз падляцеў - прама на яго парабел. Чую - трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, цi што? Цi, можа, патроны ўсе?

- Асечка. Калi патроны канчаюцца, тады гэты парабел iх затвор паднiмае. Тарчком так.

- Можа, i асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён i паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукi, аўтамат мой не ведаю, куды i дзяваўся. Але i ён, гадзiна, дужы, рукасты фрыц, не якi там пархацiк. Пiсталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохi здзiвiла мяне, помню, рукамi ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.



4 из 7