- Ого!

- Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю -зялёненькая такая, круглая, бы гусiнае яечка, з паскай пасярэдзiне. а ў канцы - вядома, узрывальнiк. Знаеш жа - планку адпусцiць, пстрыкне i - капут абодвум. Кiшкi на сучча... Дай тваiх паспрабаваць, балгарскiх, гэтыя нягеглыя нешта. Сiгарэт i тых людскiх прывезцi не можа. Гандлярка наша.

- Мусiць жа, сама не курыць?

- Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацiкавiцца. А то ж без курава якая жызнь!

- Не дужа яны тым цiкавяцца.

- Ось i бяда. Iм абы выручка i каб клопату менш. Хаця магло i на базе не быць. I такое мажлiва. Ну. Дык, значыць, сапiм мы абодва i выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу i дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён i так, i гэтак - морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце блiскае - болей мне з таго зуб гэты запомнiўся - белы, як лыжка, блiскучы. I, мусiць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён i пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула - узрывальнiк, значыць, я на другi бок за яго, а тут як грохне - дымам, зямлёй завалiла, боль... Не дакумекаеш ужо, што i балела. Проста боль, хоць заравi я i ачумеў. Самлеў. Нiчога не помню.

- Во i ў нас гэтак было. На Пулкаўскiм. Наш аддзялённы Яфiмкiн першы ўварваўся ў дзот, схапiў кулямёт iхнi... I давай...

- Ты чакай... Ачнуўся, чую - смярдзiць калёным, падняў галаву - млосна i ванiтаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж - ён, праўда, на мне - i недзе рыззё тлее. А пада мной мокра - кроў яго i мая - усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго - камбiнзон у шматы, ўся спiна, знаеш, нiбы ваўкi яе рвалi. Але i я - не дай Бог! Крануўся - чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота - кiрзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў i зноў самлеў.



5 из 7