- Ну! Ведама ж, калi крывi столькi. I яшчэ вады хочацца, ага?

- Во праўда. Смага - гарэла ўсё.

- Гэта ад крывi. Кроў выходзiць - пiць хочацца. Знаю... I з Яфiмкiным так было, ледзь уратавалi. Ну, прадставiлi яго да Героя, а нас - каго да Айчыннай, каго да адвагi...

- Усё ж пашэнцiла. Пачулi сапёры. Унялi кроў, вывалаклi мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралi. Прывязлi ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзiць на прызбе, чакае палкоўнiка да залiвае хлопцам, як немца лавiў. Аказваецца, i ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбеглiся ў лесе, Краўчонак з iм дужа не цацкаўся -куляй цюкнуў у плячо, той i задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак i выгнаў яго на дарогу. Падбеглi байцы - глядзяць, што за звер. А немчык стары такi, з адышкай, даволi плюгаваты - словам, нiкчэмны фрыцок. Адно толькi пагоны нешта дужа кручоныя. Павялi ў штаб, а там як убачылi, як набеглi, - аказаўся генералам, крыж такi меў з дубовымi лiсцямi. Ну яго, канешне, на самалёт i - у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калi раскумекалi ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку - ордэн Ленiна, сяржанта прысвоiлi. Во як! А я ўжо на тым i скончыў - сем месяцаў у шпiталi - адзiнаццаць ран, не жартачкi. Нагу адцяпалi па калена. Во як!

- А мы гэта свае мядалькi праз тыдзень i палучылi. А Яфiмкiн, бедалак, прыходзiць са шпiталю, няма нiчога. Кажуць - на Героя не пацягнуў. Так i застаўся без нiчога.

- Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялi. Як жа - з такiм ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнiк не меў. Дэмабiлiзаваўся - у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставiлi. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.



6 из 7