Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры i халоднае неба. Ён выразна чуў, як штосьцi дзесьцi недалёка глуха шаравалася, як аб сухую зямлю, нешта ўсё паскрыпвала; пасля яму пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзiць усяго паўслова i ўсё шпаркiм шэптам, хворым i нежывым. Салдат шмат чуў гэтага людскога шэпту i шмат бачыў, як каналi людзi з гэтакiм шэптам i енкам. I ён адразу пазнаў, што тут, дзесьцi паблiзу, блiзка да смерцi ранены.

Пятро Тадаровiч далёкi быў i заўсёды, а яшчэ больш цяпер, у гэтыя хвiлiны, ад таго, каб да роспачы напiнаць нервы i забывацца на тое, што над iм вiсiць смерць. З такою думаю можна звыкнуцца, але ўсё адно чалавек звычайны тут не пераступiць мяжы, за якою пачалася б абыякавасць да свайго жыцця. Таму Пятро Тадаровiч лёгка прывык да смерцi сотняў i тысяч людзей навокал сябе. Перадсмяротныя шэпты нейкага невядомага цяпер у акопе не здзiвiлi яго. Ён адно падаўся крыху глыбей, прылёг плячыма да спусцiстай, разбуранай гарматамi акопнай сцяны i маўчаў так колькi хвiлiн. Чалавечы няясны, можа нават непрытомны, шэпт iшоў крыху зводдалеку. Раптам Пятро Тадаровiч пачаў заўважаць асобныя словы ў гэтым шэпце, выразна ён ужо чуў:

- Хто там? Хто там? Сюды. Сюды.

Пятро Тадаровiч, не думаючы лiшку, падаўся ў цемень акопа. Яму дзiўна стала, што чалавек шаптаў не зусiм ужо гэтак блiзка ад яго, як яму раней здавалася. Яму прыйшлося ступiць акопам не менш, можа, як дваццаць пяць крокаў. Падышоўшы блiзка, ён пачуў, што хтосьцi шэпча, i не гэтак ужо непрытомна i слаба: можна было добра разбiраць i словы, адно што яны раней заглушалiся адлегласцю.

- Хто? Хто? - шаптаў хтосьцi невядомы.

- Салдат, - сказаў Пятро Тадаровiч i на ўсялякi выпадак дадаў, падумаўшы: - Ранены ў нагу.

- Памажыце мне, - сказаў невядомы. - Я палкоўнiк i ранены ў жывот.

Па-першае, гэта быў палкоўнiк. Па-другое, ён гэтак малiў, прасiў. Значыцца, усё пераблыталася, нiякiх ранейшых устанаўленняў. I незвычайнасць найшла на гэтага радавога салдата, нявольнiка, слаба раненага ў нагу, Пятра Тадаровiча. Без усялякiх чыноў, а так проста i разам з тым спелячы ў сабе пэўныя думкi, што пачалi ўжо набываць выразнасць, ён пачаў гаварыць з палкоўнiкам.



4 из 25