
- Што ж мне зрабiць, як памагчы?
- Вынесцi мяне з акопа на гару, калi больш нiчога не можаш. Тут акопы назаўсёды астануцца пустыя, нiхто сюды не загляне, i мне тут давядзецца кончыцца. На гары, можа, мяне заўважыць хто-небудзь. Калi ж можаш, занясi, цi як, да санiтараў. Або заўваж месца i iдзi скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнiк. Ты хадзiць можаш?
- Магу, я няцяжка ранены.
Палкоўнiк доўгiя хвiлiны маўчаў, стагнаў i адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкi. Як варушыўся - новыя рамянi паскрыпвалi на яго плячах.
- Я табе даклярую, - захрыпеў ён зноў, - белы бiлет...
- Значыцца, я ўжо тады нiколi не буду на вайне?
- Нiколi... Апроч гэтага, я дам табе зямлi, з свайго маёнтка выдзелю...
- Значыцца, вы белы бiлет можаце выклапатаць?
- Што гэта мне значыць! Урэшце, я магу даць табе гэтулькi грошай, што ты сам можаш купiць сабе белы бiлет. Нясi. Бяры мяне i нясi... Не бойся. Ты астанешся, калi баiшся, пры мне. Ты мой дзяншчык, i больш нiчога.
Салдат рашуча пайшоў у акопную цемень, абмацаў палкоўнiка. Гэта быў грузны чалавек.
- Далiкатна, далiкатна бяры, памалу, - застагнаў ён, калi салдат, крэкчучы i ўсё ж адчуваючы i сваю рану ў назе, узвалiў яго на плечы. Рамянi скрыпелi на палкоўнiцкiх плячах.
Самае цяжкае - гэта было вынесцi яго на гару. Прыйшлося спусцiць яго на зямлю, узяць пад пахi i гэтак выцягнуць, плячыма па зямлi, галавою ўгару. Пасля гэтага i салдат, i палкоўнiк ляжалi хвiлiн дзесяць на зямлi i абое аддыхвалiся. Нарэшце салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло санiтарскiх лiхтарыкаў, зноў узвалiў на плечы палкоўнiка i рушыў у дарогу. Iшоў ён паволi, нi то няроўным полем, нi то купiстым узбалоццем.
