- А я, бацюшка, тое дрэўка вазьму, што на цвiнтары валяецца. Яно нiшто яшчэ...

- Тс! - перапынiў яго бацюшка, i ён, схамянуўшыся, спрытна пашыбаваў з царквы...

У царкве засталiся поп i дзяк адзiн на адзiн. Пачалася адправа.

Неяк дзiка зычэла ў бязлюднай царкве гэтая голасная малiтва двух чалавек. Зусiм не падобна было да набажэнства. Быццам проста сышлiся два чалавекi i, ад нечага рабiць, пачалi перагуквацца адзiн з адным. Поп нешта бурчэў сабе пад нос у алтары, а дзяк адно i тое самае "Госпадзi, памiлуй" выводзiў з такiмi пералiвамi i на столькi ладоў, што яно ў яго выходзiла то на манер "каробачкi", то на манер "Ах, зачем эта ночь", а часамi нават чувалася ў iм нешта падобнае да апошняе часткi "Iнтэрнацыяналу". Дзяку, вiдаць, надакучыла вечна адно й тое самае, i ён цяпер - балазе нiкога няма стараўся гэта "адно й тое самае" аздобiць, улiць у яго штось новае i весялейшае.

У вокны заглядала вясёлае сонца i, дзiвуючыся, кiдала то туды, то сюды свой цiкаўны погляд. Пад гэтым поглядам твары святых на iконах быццам аджывалi i неяк плюшчылiся, моршчылiся, недавольныя, мусiць, тым, што робiцца тут каля iх у гэтым "святым" будынку.

I вось здарылася нешта дзiўнае, небывалае.

Дзяк чытаў "шастапсалмiе". Чытаючы, ён таксама выводзiў на ўсякiя лады, i яго голас то ўздымаўся на самыя высокiя ноткi, то раптам спускаўся ўнiз i - што люгашка ў балоце - рыпеў слабай надтрэснутай актавай.

Поп, ад нечага рабiць, сеў у вялiзнае старадаўнае крэсла, што стаяла ў алтары, i задумаўся... I тут - д'ябал павярнуўся каля яго, цi што, - але ў галаву к яму палезлi самыя непрыстойныя думкi. Ён азiрнуў змораным поглядам алтар, спынiўся на кожнай рэчы i - не пазнаў усяго гэтага.

Трыццаць год праслужыў ён у гэтай царкве i за трыццаць год нi разу не задумаўся аб тым: што ўсё гэта, навошта гэта i г.д. Усё ён прымаў як ёсць, да ўсяго адносiўся з заўсёдашняй, загадзя нарыхтованай, набожнасцю, як да святога. I вось цяпер раптам, нi з таго нi з сяго, усё змянiлася... Быццам нешта адляцела ад святых рэчаў, быццам святы дух iх пакiнуў, i яны здалiся яму проста звычайнымi, даўно знаёмымi рэчамi, гэткiмi самымi, як i тая шафа, што трыццаць год стаiць на адным месцы ў яго кабiнеце, як i той малюнак, што ўвесь аблупiўся, а ўсё яшчэ вiсiць над яго ложкам.



4 из 7