
Поп зiрнуў на тоўстае, вялiзнае Евангелле i ўбачыў у iм толькi прыгожую вялiкую кнiгу, падобную на матушкiн альбом. Зiрнуў на крыж i ўбачыў у iм толькi па-мастацку аброблены кавалак срэбра, зiрнуў на чашу i ўбачыў у ёй звычайную пасудзiну, толькi на высокай назе. Яму нават чагосьцi прыйшло ў галаву, што з гэтай пасудзiны дужа няёмка было б пiць гарбату.
Зiрнуў поп на сваю вопратку, i таксама яму дзiўна стала. Навошта ён апрануў яе, гэтую старэнькую, ужо дзiравую шмотку?..
Поп асалапелым поглядам азiраўся вакол. Прыслухаўся i пачуў, як дзяк на царкве нешта чытае; чытае няшчыра, нядбала, быццам абы-як пхае з рота словы, i яны лятуць бязладна - хто куды... Прыслухаўся поп да гэтых слоў, i яны, даўно знаёмыя яму, тысячу разоў слуханыя, раптам здалiся дзiкiмi, незразумелымi.
- Госпадзi Божа мой! што гэта за спакуса такая, - набожна прашаптаў поп i перахрысцiўся.
Рука махiнальна зрабiла знаёмы рух, а сам ён неяк збоку зiрнуў на гэты рух, i таксама дзiўным, недарэчным ён яму здаўся...
Поп узняўся з крэсла i пайшоў к прастолу. У кроках яго не было ўжо звычайнай набожнай паважнасцi... Пайшоў проста, як у хаце хадзiў. Падышоў i стаў ля прастола... Абапёрся рукой, як заўсёды ў хаце рабiў, калi к сталу падыходзiў. Потым заўважыў гэта i зняў руку...
"Нельга!" - падумаў.
А думкi ўсё лезлi i лезлi:
"Навошта ўсё гэта? Для каго?.. Няўжо для Бога?.. Няўжо яму трэба ўсё гэта, гэтыя розныя блiскучыя рэчы, гэтае бязглуздае чытанне там, на цэркве? Нашто яму гэта? А мо для людзей?.."
