
Вайна дарэшты разбурыла эканомiку эўрапейскай часткi СССР. Гарады ляжалi ў руiнах, калгасная сельская гаспадарка была зусiм дабiтая баявымi дзеяньнямi войска - сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым - на захад. Галодная Ўкраiна не магла пракармiць шматмiльённыя армii, што прыйшлi на яе зямлю, самi сяляне звыкла i даўно галадалi. Франтавiкi харчавалiся небагатым пайком, што складалi кавалак чорнага (з сурагатамi) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай цi пшоннай кашы або вэрмiшэлi. Упершыню мы наелiся толькi за межамi роднай краiны, на зямлi, ня толькi не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўднi, такой краiнай стала Малдавiя. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавiна, вiно... Нiбы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялiзнай колькасьцi войска панiшчылi ўсё харчовае багацьце гэтай краiны. Пасьля таго, як мы пайшлi далей на захад увосенi сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай i аб'едзенай, як i ўсе папярэднiя.
Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзiва рацыянальна арганiзаванай сельскай гаспадаркай. Войскi адразу ж перайшлi на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны "падножны" корм. Зьдзiўляла таксама цярпiмасьць i гасьцiннасьць насельнiцтва Вэнгрыi, армiя якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны.
