Па вiне ўсё тых жа.

Хто рэвалюцыю робiць чужымi рукамi, хто вынiшчае iншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставiнах лютай барацьбы - найперш са сваiмi, бо сваiх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае iншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякiх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывiлеяў цi, як цяпер, - даляровага рахунку ў банку.

Мы, беларусы, у гэтым сэнсе - асаблiва цёмныя людзi. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьнiваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат iншых колераў, i ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру - не чужога. Бо чужы нiколi ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кiмсьцi прысвоены, камусьцi належыць. А iнстынкт прыватнай уласнасьцi, як вядома, - магутны iнстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нiкому з жывых iстотаў Бог ня даў гэтага iнстынкту, апроч чалавека. Людзi сьвету зразумелi гэта даўно, а мы толькi пачынаем разумець цяпер. Колькi ж мы нарабiлi памылак на гiстарычным шляху да таго разуменьня...

Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямi. Убачым пра сябе праўду. Нават i непрывабную. Праўда ў гiсторыi - функцыя адназначная, зь яе робяць урокi. З хлусьнi нiякiх урокаў ня зробiш, апроч новай хлусьнi.

У гэтай кнiзе, як спадзяецца аўтар, - дробныя аскялёпкi нашай вялiкай праўды, якiя, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.

Калi тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам i чытачам таксама.

ВАЙНА I ПЕРАМОГА

Эсэ

Вайна абрынулася на краiну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталi перад людзьмi нечакана i, невядомыя ў ранейшым жыцьцi, ашаламiлi мiльёны. У тым лiку i вайскоўцаў - кадравых камандзiраў ды начальнiкаў. Памалу, аднак, людзi пачалi прызвычайвацца да жахлiвай ваеннай рэчаiснасьцi, неяк мiрыцца з уласным бязрадасным лёсам.



3 из 267