
Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзiн год, што ваяваць прыйдзецца доўга i трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьцi на другiм годзе вайны на фронце пачаў складвацца iмправiзаваны франтавы быт. На ўчастках, якiя не вялi баявых дзеяньняў i стаялi ў абароне, у людзей паявiлася слабая надзея выжыць - калi не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзi ўладкоўвалiся - кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабiсты дружна i арганiзавана абжывалi ацалелыя куткi ў спаленых тылавых вёсках, другiм-трэцiм радам мацавалi накаты камандных ды назiральных пунктаў; артылерысты парадкавалi зямлянкi, ладзiлi печы - з жалезных бочак, малочных бiтонаў, насьцiлалi хвойнiкам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай - гэтым унiвэрсальным чырвонаармейскiм сродкам, што засьцерагаў ад непагоды i сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталiся цёплымi коўдрамi, мы ж традыцыйна абыходзiлiся шыняльком - у баi, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам цi залiтых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзi, капала лухi-ячэйкi з палiчкамi для гранат i патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу - у атаку.
Выскокваць у атаку даводзiлася часта нават у працяглай, шматмесячной абароне. Вышэйшыя начальнiкi памяталi i непарушна выконвалi жалезны загад Вярхоўнага: не даваць захопнiкам спакою нi ўдзень, нi ўначы, няспынна бiць яго i выматваць. Таму i бiлi, i выматвалi. Нават калi не хапала нi зброi, нi боепрыпасаў, калi на гарматы прыпадала па чвэрцi боекамплекту i на кожны стрэл трэба было браць дазвол старэйшага камандзiра. У абароне рэгулярна праводзiлiся звычайна крывавыя "разьведкi боем", штоночныя "пошукi разьведчыкаў", бясконцыя "паляпшэньнi" абарончых пазыцыяў. Некаторыя палкi i дывiзii, падначаленыя надзвычай старанным цi дужа патрыятычна настроеным камандзiрам, на працягу многiх месяцаў атакавалi адныя й тыя ж вышынi, кладучы на iх схiлах тысячы людзей, ды так i не дабiваючыся колькi-небудзь прыкметнага посьпеху.