
- Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расцiснем. Употай. А за абедам, на здзiўленне сваiм "Богам падараваным", будзем пiць адно кiсленькае вiно.
Яраш засмяяўся:
- У цябе авантурны характар, Кiрыла.
Абедалi разам, за агульным сталом, як рабiлi часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такi час дня там быў цень. Толькi Iра за стол не прыйшла.
- Яна перакусiла, - адказала Валянцiна Андрэеўна на мужава запытанне.
Кiрыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкi да iх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца "з сямейным эгаiзмам", а галоўнае - з iндывiдуалiзмам дзяцей. Праявы такога iндывiдуалiзму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкi i сына супрацьлегла, па-рознаму.
- Гэтая твая неарганiзаванасць кормiць iх эгаiзм, - папракнуў Шыковiч жонку. - Але, ты яго падаграваеш! Што iм да другiх, да парадку! Парадак - гэта для бацькоў. А для iх - анархiя. Захацела - паела, i бывайце здаровы. Нiякiх турбот. Мама нагатавала, мама i талеркi памые...
Галiна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковiчаў, старэйшых па ўзросту, на яе Вiктара i Наташу. Але не любiла, калi пры малых залiшне многа гаварылi пра эгаiзм i ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабалiся па сутнасцi сваёй правiльныя, глыбакадумныя разважаннi Шыковiча ў прысутнасцi дзяцей. Яна лiчыла, што выхаванне - такi хiтры механiзм, якi павiнен быць заўсёды схаваны i разам з тым нi на мiг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дымiць, не чадзiць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы мiж iншым, раскладаючы вiдэльцы i нажы:
