- А ты паказвай прыклад.

I быццам кальнула Кiрылу вiдэльцам у бок. Ён з грукатам ад'ехаў на крэсле ад стала, усхапiўся.

- Не, ты слухай... Выходзiць, ва ўсiм вiнаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылi. Што я - труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмi! Я працую дзень i ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасцi пiсьменнiк? Рэдка нават падхалiмнiчаю.

- Але - бывае? - з iронiяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку вiна.

- Часцей перад жонкай.

- А як жа... Нешта я не адчуваю, - адгукнулася Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працiрала кiлiшкi.

- Не, без жартаў... "Паказвай прыклад". У чым, дарагая Галiна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благiя прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаваннi чалавека? Праца. Я працую. I ты працуеш! - крыкнуў ён жонцы. - Дык чаму нашы дзецi не навучылiся працаваць? Чаму растуць эгаiстамi? Вось што мяне хвалюе...

- Твае дзецi не горшыя за iншых, - сказала гэта Валянцiна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з'явiўшыся на парозе з кiлiшкамi i шклянкамi ў руках.

- Не горшыя... Супакоiла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.

- Няпраўда. Пры дзецях я нiколi не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым iм.

- Словы нiчога не значаць, - зноў жа нiбы так сабе, мiж iншым, кiнула Галiна Адамаўна.

Шыковiч узмахнуў рукамi, як ястраб крыламi.

- Вось табе, калi ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялiкую сiлу слова. Жыў за слова, кармiў дзяцей...

Наўрад цi чула Галiна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кiрылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусiм не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнiвая... А вось у размове з iм, асаблiва калi размова пераходзiць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышынi кiдае бясспрэчныя iсцiны.



13 из 429