Яна пайшла - i Кiрылу расхацелася шумець i спрачацца. Цяпер толькi ён прыкмецiў, якi доўгi, нязграбны Вiктар. Кожны раз, калi пры iм дарослыя пачыналi гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такiя абражалi хлопца. Наадварот, Наташа слухала iх, разявiўшы рот. I цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кнiжку, а вухам лавiла кожнае слова дарослых. Ёй вельмi хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цiкавiў адзiн стол: як заўсёды, ён наводзiў на iм парадак i прыгажосць. Нi мама, нi цётка Валя не ўмеюць гэта рабiць лепш за яго.

Калi Галiна вярнулася i паставiла на стол талеркi са смажанымi лiсiчкамi i салату са свежых гуркоў, Кiрыла сказаў памяркоўна, прымiрэнча:

- Я толькi адзiн магу зрабiць вывад: залiшне многа выгод даём мы дзецям. Вiдаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам...

Тут не вытрымала Наташа:

- Няпраўда, дзядзька Кiрыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзецi.

Усе засмяялiся з яе непасрэднасцi.

- Давайце за стол, фiлосафы, - запрасiла Валянцiна Андрэеўна.

Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна i хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслi свежасцi, яны апусцiлi на зямлю млявую парнасць. Замерлi дрэвы, нават трапяткая асiна над ручаём сцiшылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусцiўшы на траву кнiгу i звесiўшы руку.

Кiрыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кiдаючы асобныя словы ў размову жанчын i Яраша, часам неўпапад. Гэта iх смяшыла. Смех будзiў знясiленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:

- Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага... ага? - I галава яго зноў падала на грудзi.

- Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, - сказаў Яраш i пайшоў з Вiктарам збiраць рыбацкiя прылады.

Збiраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабiў грукату на верандзе, закрычаў:



14 из 429