- Кiрыла! Даволi дрыхнуць! Хадзем вудзiць.

Шыковiч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногi i павярнуўся на бок. Але Валянцiна Андрэеўна са смехам перакулiла шэзлонг, выкiнуўшы мужа на зямлю.

- Iдзi, iдзi. Няма чаго пуза гадаваць. Цягнi яго, Антон.

Сухое сена (на ўзгорку ляжалi першыя пакосы) разлiвала далёка навокал не толькi густы водар, якi п'янiў, але i асаблiвую цяплынь, якая ўзнiмала настрой, будзiла фантазiю, уяўленнi i ўспамiны маленства. Млявасць была ад нечага iншага, можа, ад тонкага водару кветак у нiзiнах цi едкага паху выкiнутых на бераг водарасцяў, iлу i малюскаў.

Нерухомае возера-старыца нiбы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбiвала такiя ж нерухомыя хмары i дубы. Толькi каля травянiстага берага нябачныя мошкi цi вадзяныя жукi чарцiлi на гэтай гладзi адмысловыя iероглiфы. Рыба лягла на дно - нiводнага ўсплёску. Пакуль Вiктар не разбудзiў цiшу i гладзь блешняй спiнiнга. I адразу возера ажыло: разышлiся кругi, быццам несучы сiгналы небяспекi; з травы вылецела качка, кракнула i ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нiбы кiнулi вялiкi камень.

- Шчупак! Тата, бачыў, якi шчупак? - азартна крыкнуў Вiктар i пачаў кiдаць у тое месца блешню. Калi круцiў катушку, дзiўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзiльна пратыкала яго худы жывот наскрозь.

Мужчыны пастаялi, паглядзелi. Шыковiч прапанаваў тут жа i павудзiць ленаваўся iсцi далей, ён аблiваўся потам.

- Гэтая лужына як заварожана... Браканьерамi... Колькi яны выцягваюць сеткамi рыбы! А я на вуду i спiнiнг не ўзяў нiводнай маляўкi, - сказаў Яраш.

I яны рушылi далей. Адзiн Вiктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.

Рака дыхнула вiльготнай свежасцю i прахалодай. Пахла дажджом. Наблiжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракi. Недарма ў народзе кажуць: рэкi прыцягваюць дождж. Рэкi i лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнiмаецца ўсёй сваёй вiльгаццю насустрач далёкаму дажджу.



15 из 429