У панядзелак Сямён Парфёнавiч заспаў. Гэта яго злавала i смяшыла, калi ён таропка iшоў па абмытых дажджом вулiцах. Такога з iм не здаралася ўжо год дваццаць - каб ён праспаў. Без будзiльнiка, без старонняй дапамогi ён мог дакладна ў назначаны час усхапiцца на ногi. А тут раптам праспаў да палавiны дзевятай. Вiнаваты ўчарашнi адпачынак.

"А ўрэшце, гэта няблага, што арганiзм яшчэ здольны атрымлiваць такую зарадку i гэтак выключацца", - разважаў ён iдучы.

Успамiнаў учарашнi дзень. Многа было прыемнага. Асаблiва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. I дождж, якi захапiў iх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далiкатнымi ўважлiвымi жанчынамi юшку, пакуль гаспадары ездзiлi ў вёску ў краму, i рагатаў, расказваючы iм, як звалiўся ў раку Кiрыла Шыковiч. Жанчыны таксама смяялiся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кiрыла мог зрабiць гэта знарок - для смеху.

У прыёмнай ужо чакалi людзi. Чалавек дзесяць. Гукан прывiтаўся. Яго адразу абкружылi.

- Таварыш старшыня!

- Сямён Парфёнавiч!

- Таварыш Гукан!

Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

- Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу.

- Я два месяцы не магу трапiць да вас! - злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

- Магло быць, - спакойна згадзiўся Гукан. - Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi.

- А я хачу да вас!

- Нэла, - звярнуўся Гукан да сакратаркi, - была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала:



23 из 429