
- Ранiцай пытаю: "Прызнайся, Кiрыла, каго на сёння запрасiў?" - "Нiкога", - кажа. А па вачах бачу, што манiць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе... Што з табой, Галя? Ты нездарова?
- Не. Нiчога. - Галiна Адамаўна бадзёра падхапiлася i засмяялася, але смех гэты гучаў дзiўна.
Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў унiз на жонку.
- Галка! Што здарылася?
- Нiчога. Вунь хто падбiраецца да вашых галубоў, - яна паказала ў неба над лугам.
Там, у вышынi, павольна кружыў коршак.
- Вiця! Пакараць агрэсара. Збiць, як Паўэрса.
Бацька i сын з аднолькавым спрытам саскочылi ўнiз. Вiктар на мiг заглянуў у пакой i выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькi нядаўна дазволiлi карыстацца ёй, i ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнiчы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлi, ён смешна сiгаў да раўчака, збiраючыся па зараснiку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якiм кружыў коршак. Галiна Адамаўна крыкнула:
- Вiця, асцярожна! Там недзе Iра...
Яраш глядзеў услед сыну i бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем i бадзёрасцю.
Галубы ўпалi ўнiз. Цi то яны адчулi небяспеку, цi, можа, убачылi, што гаспадары нарэшце пакiнулi свой пост i нiшто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелi адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламi, уселiся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.
З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысiнамi-затокамi, што глыбока ўрэзалiся ў доўгiя, крыху кучаравыя i моцна ўскудлачаныя белыя валасы.
- Што ў вас за гармiдар такi? -хмура спытаў Шыковiч, блiснуўшы залатым зубам. - Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.
- Ты, Кiрыла, як Наташка, - засмяялася Валянцiна Андрэеўна. -Усю ранiцу я хадзiла на пальчыках. Не можам жа мы хадзiць так цэлы дзень.
- Сёння нядзеля, Кiрыла Васiльевiч. Трэба адпачываць, - сказала Галiна Адамаўна.
