
Яраш хiтра сажмурыўся:
- Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?
Галава Шыковiча схавалася. Яраш i жанчыны засмяялiся. Але праз момант Шыковiч з'явiўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай пiжаме. Пужнуў галубоў:
- Кыш, чэрцi! Ужо напэцкалi, - i да Яраша: - Я табе дам - "вочы заспаныя". Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кiшку, i больш нiякага клопату, iдзi ганяй галубоў.
- Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калi не пачытае твайго артыкула. Цi, можа, свет перавернецца дагары нагамi?
- Цяпер яны доўга будуць шпiляць адзiн аднаго. Хадзем купацца, Галя.
- Наташка, купацца хочаш?
Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:
- Чаго хачу - таго хачу! Тут жаданнi нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручнiком i кнiгай у руках.
У кустах бухнуў стрэл.
Коршак спакойна праплыў над сядзiбай. Усе правялi яго вачамi. Яраш пашкадаваў:
- Прамазаў Вiктар.
- Насыпце яму солi на хвост, - хмыкнуў Шыковiч з вышынi.
- Я цябе, малавера пузатага, зараз скiну з тваёй галубятнi!
Адыходзячы, жанчыны пачулi, як пад цяжкiмi крокамi Яраша застагналi новыя ўсходцы, што вялi на гарышча, дзе Шыковiч абсталяваў сабе кабiнет. Потым, азiрнуўшыся, яны ўбачылi, што кароткi Шыковiч дрыгае ў паветры нагамi, падняты дужым Ярашам.
- Пусцi, чорт! Косцi паломiш. Во лапы! Клешчы! Табе не хiрургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыццi бачу такога лекара... Адчапiся!
Задыхаўшыся, Шыковiч выслiзнуў з Ярашавых рук i адкацiўся на другi бок балкона.
- Валя прасiла штодзень размiнаць цябе. Глядзi, у цябе адразу знiк заспаны выгляд.
- Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабiць. Я хоць шторанiцы паўгадзiны... нагамi дрыгаю...
- Вось iменна, дрыгаеш. Мала карысцi ад тваёй зарадкi.
Яраш наблiзiўся i стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калi яны гулялi разам, на iх з усмешкамi азiралiся, а сябры жартавалi з iх i расказвалi анекдоты. Але гэта не шкодзiла iх дружбе.
