
Дзецi гэтага старога хочуць таксама жыць. Можа, гэты сын яго, Ваця, нядаўна ажанiўся цi думае жанiцца, а стары бацька засланiў яму ў хаце свет.
Вось да чаго падобна гэта здарэнне.
Так гаварыў мой знаёмы. Падумаўшы трохi, ён яшчэ сказаў:
- Чалавек гэты навылет працяты хрысцiянскiмi разуменнямi. Ён адмаўляе ўсякую актыўнасць арганiзацыi. Для яго проста па-хрысцiянску камунiзм нейкая вышэйшая, невядома адкуль нараджоная iстота, якая вучыць iсцi i сама iдзе насустрач усiм бедным i бяздольным. Спадзявайся, значыцца, на гатовае. Сядзi рукi склаўшы i ўздыхай, пакуль нехта, навучаны камунiзмам, не прыйдзе i не прынясе збавення. Да гэтага ж трэба дадаць, што ён i хiтранькi, гэты чалавек; думаючы падкупiць вас, ён гаварыў тут пра нейкi для яго далёкi i незразумелы камунiзм.
- Аднак жа ён сам дзейнiчае; сам пачаў нанава жыць, супярэчачы дзецям, - пастараўся апраўдаць я свайго былога настаўнiка.
- Малая яго ў гэтым храбрасць - ён проста эгаiст ды, у дадатак, баязлiвы.
- А што ты хочаш ад яго, старога?
- Ад яго нiчога нiхто не хоча i не вымагае, толькi я падвожу яго пад агульны закон для такiх людзей - хто з iх больш правы: ён цi дзецi. Па-мойму, дзецi павiнны поўнаю жменяй чэрпаць жыццё, а ён - "пастолькi паколькi".
