Той, каго называлi кампазiтарам, у гады майго маленства працаваў дырэктарам гарадской музычнай школы, пiсаў песнi на вершы мясцовых паэтаў i круцiў раман з афiцэрскаю жонкай. Як я зразумеў, звычайным месцам iх спатканняў быў дырэктарскi кабiнет, у якiм дзеля такiх выпадкаў стаяла, як выказаўся мой бацька, дзяжурная канапа. Аднойчы на гэтай канапе кампазiтар i паставiў сваёй пасii там, дзе спiна пераходзiць у больш спакуслiвую частку цела, казённую пячатку.

Цяжка сказаць, якая логiка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: цi то раптам разгулялiся ўласнiцкiя iнстынкты, цi то пячатка, як тая знакамiтая чэхаўская стрэльба, мусiла "стрэлiць" ужо з прычыны адной сваёй прысутнасцi на месцы дзеяння. Але што б там нi было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазiтаравай абраннiцы з'явiўся фiялетавы адбiтак з надпiсам: "Полацкая дзiцячая музычная школа". Надпiс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, iначай муж-афiцэр не схапiў бы ўначы пiсталет, i праштампаванай прыгажунi не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму - ратавацца ўцёкамi, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабiцца кампазiтарам i доўгi час не выступаць перад публiкаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афiцэр з пiсталетам.

Карацей, кампазiтарам у маленстве я не згадзiўся б стаць нi за якiя грошы, нават за тыя, што бацькам нiколi не хапала, каб купiць мне ровар, на якiм я, на свой сорам, так i не навучыўся ездзiць.

Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза.

Згодны, давай вып'ем за маю першую мару.

Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калi ў Дзвiне ўтапiлася дзяўчына з суседняй вулiцы.

Яны прыязджалi ўраннi на машыне-"казле" i марудлiва, як на запаволеных кiнакадрах, выгружалi на бераг сваё мудрагелiстае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклiкалi боты з таўшчэзнымi алавянымi падэшвамi, якiя мы не маглi нават зрушыць з месца, i круглы шалом з вялiзнымi вачыма-iлюмiнатарамi.



4 из 8