
На трэцi дзень дзяўчыну выцягнулi з дна i, закруцiўшы ў брызент, некуды павезлi.
Вартаўнiк лодачнай станцыi дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялiкую прэмiю. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самi топяць людзей, чапляюць iм да ног камянi, а потым "знаходзяць" у прыкмечаным месцы.
Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвiне не будзе бракаваць i без гэтага, i ўяўляў, як вырасту i буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты i шалом з iлюмiнатарамi, да якiх пад вадой будуць падплываць i - вочы ў вочы - глядзець на мяне дзвiнскiя шчупакi. Я буду добра шукаць тапельцаў i часта атрымлiваць прэмii, а пасля - самавiта рассцiлаць на траве газецiну, няспешна кроiць на ёй сала, не моршчачыся пiць з пляшкi з малiнавай галоўкаю гарэлку i мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солi. Кульнуўшы апошнюю чарку i са смакам дажаваўшы цыбулiну, я буду закурваць i, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: "Пара-па-бабам, пара-па-бабам..."
Апрача тапельцаў, я павiнен быў знайсцi на дне ракi яшчэ i жалезную скрынку грошай. Цiкава, што тапельцы мне ўпарта не снiлiся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў i дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавiцамi i спавiтая багавiннем, з пудовым iржавым замком i белым чэрапам са скрыжаванымi косткамi, акурат такiм, якi быў на трансфарматарных будках i якi ў нас чамусьцi называлi iванам iванавiчам.
Тапельцы прыснiцца мне так i не паспелi, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлi на могiлкi, у нас з'явiўся новы сусед, а з iм i мая новая мроя.
Суседа, якi пасялiўся на кватэры ў жонкi следчага Чаглея, звалi дзядзькам Жэнем, i ён працаваў паталагаанатамам. Вымавiць гэткае складанае слова, як i не менш складаную першую лiтару ягонага iмя, я, вядома, не мог i таму казаў, што, калi вырасту вялiкi, буду, як "дзядзя Зеня".
У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькi адно: абсалютна неспасцiгальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу.
