
Усё астатняе страшэнна падабалася.
Падабалася, што ад суседа заўсёды струменiў пах адэкалону, якi наводзiў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон i робяць.
Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозiва.
Падабалiся нават i не надта прыхiльныя размовы, што круцiлiся вакол iхняе сям'i.
Дарослых немаведама чаму абыходзiла, што дзядзька Жэня i цётка Таня нейкiя "нераспiсаныя".
На маю думку, не было нiчога кепскага i ў тым, што яны "нераспiсаныя", i ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваiх, дзядзька Жэня купiў у купэйны вагон не два, а чатыры бiлеты.
Яшчэ падабалася, што, калi на святы цётка Таня клiкала маiх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а вiно.
Ты ведаеш, я не забыў, як яны памiж сабою чокалiся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келiх зверху, а потым - зверху ягоны.
Яны абое былi высокiя, станiстыя i чарнявыя. Дзядзька Жэня насiў прыгожыя чорныя вусы, у цёткi Танi над верхняй вуснiнай таксама прабiваўся цёмны пушок, якi па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусiкi. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеiха i казала пра кватарантаў за вочы - "мае жыды".
Аднаго разу бацькi, кудысьцi з'ехаўшы, даручылi клопаты пра мяне дзядзiжэневай жонцы i, калi мы пайшлi палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афiцэраў i цётка Таня замовiла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю "шнiцэль", а потым сустрэла сяброў i тыя запыталiся, цi не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, i пацiкавiлася, цi падобны я да яе, тады, памятаю, мне было нiякавата зусiм не таму, што такiм чынам я сам таксама трапляў у лiк "жыдоў". Я чуў лёгкi сорам, што гатовы адмовiцца ад родных бацькоў, але зрабiць з сабою нiчога не мог: калi ў паталагаанатамы бяруць толькi "жыдоў", я згодны быў запiсацца ў "жыды".
