
Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцiнстве гэта адбываецца хутчэй.
Цi то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзiжэневай прафесii, цi то прарасло пасеянае фiльмамi пра "нашых" разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсцi ў шпiёны. П'ем за нашых шпiёнаў!
Мяне вабiла не столькi рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку.
У адрозненне ад духмяна-таямнiчых сфераў дзейнасцi паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна i проста, як яблык-антонаўка з нашага саду.
Мяне i маю радыстку павiнны былi скiнуць з самалёта над Амерыкай, каб мы прабралiся ў галоўны амерыканскi штаб i ўкралi галоўны план атамнай бамбёжкi Савецкага Саюза. Ваганняў наконт кандыдатуры напарнiцы не iснавала: радысткай будзе маё першае мужчынскае захапленне - дачка дырэктара мамiнай школы Людачка, з якой я ўпершыню сустрэўся чатыры гады таму на навагодняй ёлцы. Наша ўзаемная сiмпатыя аказалася такой моцнаю, што мы дружна намачылi штонiкi i потым цэлы год я вымагаў ад мамы завязваць мне хустачку i абвяшчаў, што хачу быць Людачкай. (Гэты момант варта адцемiць: перш чым зрабiцца вадалазам, я iмкнуўся пабыць жанчынай.)
Апусцiўшыся на парашутах, мы з Людачкай пасяляемся ў маленькiм брудным пакоi халоднага i змрочнага амерыканскага хмарачоса. Мы, як дарослыя, абняўшыся, спiм у адным ложку i дзеля маскiроўкi гаворым выключна па-амерыканску, а таксама не купляем ананасаў, каб амерыканцы не падумалi, што iх у нас няма. З дапамогаю аднаго галоднага беспрацоўнага мурына я пракрадаюся ў штаб i, перастраляўшы з кулямёта чалавек васемнаццаць амерыканскiх палкоўнiкаў, выкрадаю план бамбёжкi Масквы i ўсёй нашай вялiкай i магутнай Радзiмы, пасля чаго вяртаюся ў халодны пакойчык хмарачоса. Мая радыстка Людачка ляжыць у ложку з незнаёмым мурынам; я не ведаю, навошта яны ўдзень накрылiся коўдраю, але адчуваю, што, хоць амерыканскiя мурыны i за нас, тут нешта нячыстае, i таму з асалодаю ўсаджваю ў незнаёмага мурына кулямётную чаргу. З ложка ляцяць чырвоныя пырскi, але Людачка не плача, а перавязвае мне раны i складвае рацыю, бо пасланы па нас самалёт ужо знаходзiцца ў паветры.
