Калі прызнацца шчыра, то і псеўданім Блакіт зьявіўся праз Васілька, хоць ён пра тое і не здагадваўся. Любімы мой колер – блакітнае неба, блакітны васілёк. Мне, васемнаццацігадоваму, тады здавалася, што ледзь ці ня ўсе сапраўдныя пісьменьнікі мелі ці маюць прыгожыя псеўданімы – Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Янка Маўр, Міхась Васілёк, нават Янка Брыль, Ніл Гілевіч падаваліся псеўданімамі... І ўвосень 1956 году са старонак шчучынскага “Чырвонага сьцяга” зьніклі вершы Валянціна Болтача, а на раённым паэтычным неасхіле з’явілася новая зорка – Валянцін Блакіт. Неўзабаве яна перакачавала на старонкі абласной газеты, рэспубліканскіх выданьняў, але з цягам часу стала з’яўляцца радзей і радзей, каб у рэшце рэшт скаціцца паэтычнай зьнічкаю і праз гады ўзыйсьці на сатырычна-гумарыстычным небасхіле. Нават сам не ведаю, чаму стаў падпісваць гэтым малапрыдатным для сатырычных жанраў псеўданімам гумарэскі і апавяданьні. Пэўна, па двух прычынах: не меў поўнай упэўнасьці, што гэта ўсурёз і надоўга, і па-другое, ў той час займаў сур’ёзную пасаду ў вельмі сур’ёзнай установе, дзе, ведаў, яўна падазрона паставяцца да такіх несур’ёзных заняткаў. А калі выйшла першая кніжка ў “Бібліятэцы “Вожыка”, псеўданім набыў нейкае літаратурнае жыццё, крэсьліць якое не падымалася рука і тады, як стаў пісаць “сур’ёзныя” аповесьці...

Асабліва зблізіў нас з Міхасём Восіпавічам ягоны прыезд у Шчучын і паездка да нас у вёску. Не памятаю, ці яны разам з Пятром Прыходзькам прыбылі ў Шчучын, ці тут сустрэліся выпадкова, помню толькі, што ў раённым Доме культуры яны выступалі разам. Назаўтра з Міхасём Восіпавічам мы паехалі на рэдакцыйным “ІЖ”ы ў нашае Вострава, дзе, як я нарасказваўся, яго так любяць і шануюць.



12 из 322