Ехаць бы па шашы на Пратасаўшчыну – хоць і далей, але дарога добрая, а я, як заўсёды, рашыў скараціць – на Еўлашы, дзе таксама неблагі гасьцінец, за выключэньнем некалькіх невялікіх пясчаных мясьцінаў, якія ці не штодня спакойна адольваў з ходу. І тут не даўмеўся збавіць хуткасьць – і... кола пайшло ўбок юзам, не пасьпеў і сьцяміць, чаму матацыкл ляжыць зьлева на абочыне, а Міхась Восіпавіч – наперадзе ў сыпучым пяску пасярод дарогі. Абамлеў: пакалечыў ці забіў Васілька!.. А тым часам Міхась Восіпавіч ускочыў жвавенька, пра мяне хвалюецца: ну, як ты? Адлягло ад сэрца: Міхась Восіпавіч, прабачце...

Убачыўшы, што нічога сур’ёзнага ні са мной, ні з матацыклам ня здарылася, Міхась Восіпавіч пачаў радасна супакойваць:

– Гэта ж здорава, Валічак, што зваліліся! Запомніцца, а то назаўтра і забылі б...

Пэўна, яно так...

Бацька, маці напачатку не хацелі даваць веры, што прывёз таго самага Васілька, а як пераканаліся – разгубіліся, ня ведалі, як паводзіць з гэтакім шаноўным госьцем, што паставіць на стол, аднак не прайшло і пяці хвілінаў, а яны ўжо былі як даўнія знаёмцы. Прыгадвалі польскія часы, чыталі ягоныя вершы, а з бацькам даўспаміналіся, што ў вайну ў Шчанцы ў абодвум знаёмага Івана разам ціснулі самагонку. З таго часу бацька заўсёды перадаваў са мною яму пляшачку першаку. Неўзабаве нейкім чынам даведаліся суседзі і набілася паглядзець на Васілька ледзь ці ня поўная хата... Гамонка ў іх закончылася з другімі пеўнямі, калі я спаў сном праведніка. Назад паехалі назаўтра далей ад бяды – па добрай дарозе на Пратасаўшчыну. У гасьцініцы нас чакаў радасна-узбуджаны Пятро Прыходзька: паслухайце, якога верша напісаў, пакуль вы гулялі...

Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што Міхась Восіпавіч ня член партыі. Чалавек, які напісаў столькі пранікнёных рэвалюцыйных твораў, на маё глыбокае перакананьне, проста ня мог ня быць членам партыі. Неяк выказаў яму сваё неўразуменьне. Міхась Восіпавіч глянуў дапытліва, трохі іранічна і аджартаваўся:



13 из 322