
Цiкаўнасць настолькi апанавала яе, што яна i не падумала, як няветлiва кiдаць гасцей адных, i цiшком пабегла ўнiз па маленькай патаемнай лесвiцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе не скруцiла. Каля дзвярэй у каморку яна спынiлася i раптам успомнiла, што муж забаранiў у яе ўваходзiць. "Ах! падумала яна. - Будзе мне лiханька, што я не паслухалася." Але спакуса была такая вялiкая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык i дрыготкай рукой адчынiла дзверы ў каморку.
Спачатку яна нiчога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былi зачыненыя. Але праз хвiлiну яна заўважыла, што ўся падлога залiта спечанаю крывёй i ў гэтай крывi адбiваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў, гэта былi жанчыны, з якiмi Сiняя Барада спачатку жанiўся, а потым забiваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, i ключык, якi яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукi.
Калi ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачынiла дзверы i паднялася да сябе ў пакой, каб трошкi ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоiцца ёй нiяк не ўдавалася.
Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крывi. Яна паспрабавала яго абцерцi - i раз, i другi, i трэцi, але кроў не адставала. Яна яго i мыла, i нават церла пяском i жвiрам, а кроў усё роўна заставалася. Ключык быў чарадзейны, i адчысцiць яго было немагчыма: абатрэш кроў з аднаго боку, а яна выступае з другога.
Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкi Сiняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў лiст, у якiм яму паведамлялi, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсiмi спосабамi старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.
