
Назаўтра ён папрасiў у жонкi ключы. I калi яна iх аддавала, рукi ў яе так калацiлiся, што Сiняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.
- Чаму гэта, - спытаў ён, - разам з iншымi няма ключыка да каморкi?
- Я, напэўна, пакiнула яго наверсе, у сябе ў пакоi на стале, - адказала яна.
- Прынясi мне яго, - сказаў Сiняя Барада, - i хутчэй.
Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося такi аддаваць. Сiняя Барада агледзеў яго i сказаў:
- Адкуль гэта на ключы кроў?
- Не ведаю, - адказала няшчасная жанчына i спалатнела як нежывая.
- Ты не ведаеш?! - перапытаў Сiняя Барада. - Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсцi ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды - i зоймеш сваё месца побач з iншымi жанчынамi, якiх ты там бачыла.
Яна кiнулася мужу ў ногi, пачала плакаць, прасiць прабачэння i, па ўсiм вiдаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчулiўся б ад маленняў такой прыгажунi. Але ў Сiняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.
- Ты павiнна памерцi, - прамовiў ён, - i зараз жа!
- Калi ўжо я павiнна памерцi, - сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымi слёз, - дык дай мне хоць трошкi часу памалiцца Богу.
- Даю табе паўчвэрткi гадзiны, - адказаў Сiняя Барада, - i нi хвiлiны болей.
Калi ён пайшоў i бедная жанчына засталася адна, яна паклiкала сваю сястру i сказала ёй:
- Сястра мая Ганна (а так яе звалi), прашу цябе, падымiся на вежу ды паглядзi, цi не едуць нашыя браты, яны абяцалi сёння завiтаць да мяне ў госцi. Калi iх убачыш, дай iм знак, каб яны паспяшалiся.
Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялiкiм смутку час ад часу гукала яе:
- Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?
