
А сястра Ганна адказвала:
- Не вiдаць нiчога, толькi сонейка яснее, толькi траўка зелянее.
Тым часам Сiняя Барада схапiў вялiзны нож i крыкнуў на ўсё горла:
- Ану, спускайся хутчэй, цi зараз я сам да цябе падымуся!
- Зараз, зараз, калi ласка, яшчэ хвiлiнку, - адказала жонка i зноўку ледзь чутна гукнула:
- Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?
А сястра Ганна адказвала:
- Не вiдаць нiчога, толькi сонейка яснее, толькi траўка зелянее.
- Ану, спускайся хутчэй, - крыкнуў Сiняя Барада, - цi зараз я сам да цябе падымуся!
- Ужо iду, - адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?
- Бачу, бачу! - адказала сястра Ганна. - Вялiзны слуп пылу! Ён наблiжаецца да нас...
- Цi не нашыя гэта браты?
- Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў...
- Цi спусцiшся ты нарэшце? - крыкнуў Сiняя Барада.
- Яшчэ адну хвiлiнку, - адказала жонка i зноў гукнула сястру. - Ганна, сястра мая Ганна, цi не вiдаць, каб хтось ехаў?
- Бачу, - адказала тая, - два коннiкi скачуць сюды, але яны яшчэ вельмi далёка.
I праз хвiлiну дадала:
- Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам iм знак, каб яны паспяшалiся.
Тут Сiняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа i ў слязах, з раскудлачанымi валасамi, кiнулася яму ў ногi.
- Усё дарма, - сказаў Сiняя Барада. - Настаў твой смяротны час!
Ён ухапiў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож i ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву... Бедная кабета зiрнула на мужа змярцвелымi вачыма i апошнi раз папрасiла:
- Дай мне яшчэ хоць адно iмгненне.
- Не, не! - адказаў ён. - Бог за цябе памолiцца.
Ён падняў руку i...
У гэтую хвiлiну пачуўся такi моцны грукат у браму, што ад нечаканасцi Сiняя Барада спынiўся. Брама не вытрымала, расчынiлася, i на двор уляцелi два коннiкi. Яны адразу выхапiлi шпагi i кiнулiся да Сiняе Барады.
