
Убачыўшы братоў сваёй жонкi - а з iх адзiн быў драгун, а другi мушкецёр Сiняя Барада кiнуўся наўцёкi. Але браты дагналi яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялi яго наскрозь шпагамi i кiнулi памiраць. Бедная жонка Сiняе Барады была i сама ледзь жывая, у яе не было сiлы нават падняцца i абняць сваiх ратаўнiкоў.
Сталася так, што ў Сiняе Барады зусiм не было спадкаемцаў, i ўсе яго скарбы засталiся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, якi быў даўно ў яе закаханы; на другую - купiла братам капiтанскiя чыны, а за астатняе - сама згуляла вяселле з вельмi сумленным i добрым чалавекам, з якiм хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сiняю Барадой.
Мараль
Жанчын цiкаўнасць часта спакушае,
Але нярэдка iх раскаянне чакае.
I прыкладаў таму - нямала кожны дзень.
Такi капрыз - нiкчэмная патрэба:
Яго здаволiш - i знiкае ён, як цень,
А вось плацiць пасля занадта доўга трэба.
Другая мараль
Жыцця не трэба ведаць дасканала
I розум не вялiкi трэба мець,
Каб, прачытаўшы казку, зразумець,
Што так, бадай, спрадвеку не бывала.
Хто бачыў дзе мужоў такiх жахлiвых,
Што патрабуюць ад жанчын таго, што немажлiва?
Хай i раўнiвы муж - таго не бачна звонку,
Бо ён заўжды iмкнецца ўлашчыць сваю жонку.
I ўжо якая б нi была ў мужа барада,
Сказаць не проста, хто ў сям'i сапраўдны гаспадар.
КОТ У БОТАХ
Памёр адзiн млынар i пакiнуў сваiм тром сынам толькi млын, асла ды ката. Спадчыну дзялiлi нядоўга; нават суддзю з падсудкам не клiкалi, бо з гэтымi, вядома, нiчога не засталося б ад такога небагатага набытку. Старэйшы брат узяў сабе млын, сярэднi - асла, а малодшаму дастаўся кот.
Вельмi смуткаваў малодшы брат, што выпаў яму такi горкi лёс.
