- Добра маiм братам, - казаў ён. - Калi будуць жыць разам, дык i на хлеб змогуць сабе зарабiць. А я - з'ем свайго ката, зраблю з яго скуры рукавiцы, а потым - хоць ты з голаду пухнi.

Пачуў Кот гэтыя словы, але выгляду не падаў. I сказаў такiм разважным i сур'ёзным голасам:

- Не журыцеся, мой гаспадару, дайце мне лепей якую торбу ды купiце боты каб мне было ў чым лазiць па кустах. А тады ўбачыце, што не такая ўжо благая вам выпала доля, як здаецца.

Хлопец, вядома, не даў Катовым словам вялiкае веры. Але й не збезнадзеiўся, бо хто яго ведае, можа, i праўда, Кот дасць яму якое рады ў няшчасцi. Хлопец часта бачыў, як спрытна Кот лавiў пацукоў i мышэй: то павiсаў на адных лапах, то хаваўся ў муцэ ды прыкiдваўся мёртвым.

Неўзабаве Кот атрымаў усё, чаго прасiў. Ён адразу хвацка нацягнуў боты, закiнуў за плечы торбу i, узяўшы яе абедзвюма пярэднiмi лапамi за матуз, рушыў у лес, дзе вадзiлася многа трусоў. У торбу ён насыпаў вотруб'я, заечай капусты, а сам лёг на зямлi i, удаўшыся за мёртвага, пачаў чакаць, калi якое трусяня, не надта яшчэ абазнанае ва ўсякiх хiтрасцях свету, залезе ў торбу, каб пачаставацца пакладзенымi туды ласункамi.

I толькi паспеў ён легчы, як адразу з радасцю ўбачыў, што нейкае легкадумнае трусяня ўжо капошыцца ў торбе. Кот, не марудзячы, зашморгнуў матуз, схапiў труса i бязлiтасна яго забiў.

Горды здабычай, ён рушыў да караля i папрасiў мовiць перад iм слова. Ката пусцiлi ў пакоi Яго Вялiкасцi. Увайшоўшы, Кот нiзка пакланiўся каралю i сказаў:

- Вашамосць, гэтага труса мне даручыў паднесцi вам ад свайго iмя пан маркiз дэ Карабас (такое iмя яму ўздумалася даць свайму гаспадару).

- Ну што ж, - адказаў кароль, - скажы свайму гаспадару, што я яму дзякую i вельмi рады яго падарунку.

Другi раз Кот схаваўся ў жыце i зноў разгарнуў сваю торбу, а калi ў яго ўлезлi дзве курапаткi, зацягнуў матуз i злавiў абедзвюх. Потым, як i труса, ён занёс курапатак да караля. Кароль прыняў падарунак iзноў з вялiкiм задавальненнем i загадаў даць Кату гасцiнца.



18 из 47