
Зачараваны гэтымi словамi, а яшчэ больш - тым голасам, якiм яны былi вымаўленыя, прынц не ведаў нават, як выказаць сваю ўдзячнасць i радасць. Ён пачаў тлумачыць, што кахае прынцэсу больш за сябе самога, словы блыталiся ў яго, але праз гэта толькi яшчэ больш падабалiся дзяўчыне - бо чым менш красамоўства, тым болей кахання.
Прынц быў разгублены мацней за прынцэсу, i яно зразумела, бо ў прынцэсы было ўволю часу абдумаць усё, што яна скажа, калi прачнецца. Можна не сумнявацца (хоць гiсторыя пра гэта маўчыць), што за такi доўгi сон добрая чараўнiца навеяла ёй нямала прыемных мрояў.
Так цi iначай, але яны прагаманiлi ўжо чатыры гадзiны, а не выказалi i паловы таго, што было ў iх на сэрцы.
А тым часам усё ў палацы прачнулася разам з прынцэсай. Кожны ўжо займаўся сваёю справай. Але таму, што закаханыя былi не ўсе, многiм дужа хацелася есцi. I адна фрэйлiна ажно так згаладалася, што не вытрывала i ўголас абвясцiла, што абед даўно на стале. Прынц адразу дапамог прынцэсе падняцца, бо ляжала яна апранутая, i ў вельмi прыгожай сукенцы. Прынц, праўда, змоўчаў, што сукенка гэтая нагадвае вопратку ягонай бабулi i што каўнер у яе стаяком: прынцэса i ў гэтых строях была не меней прыгожая.
Яны прайшлi ў люстраную залу, дзе iх чакаў абед. Прынцэсiны лёкаi падносiлi iм стравы, а скрыпкi i дуды гралi старую, але чароўную музыку, якую сто гадоў нiдзе ўжо не чулi. Пасля абеду, каб не марнаваць часу, святар павянчаў iх у замкавай бажнiцы, а фрэйлiна паклала iх спаць i захiнула на шлюбным ложку фiранкi. Спалi яны мала, бо ў прынцэсы вялiкай патрэбы ў сне не было. А ранiцай прынц развiтаўся з ёю i вярнуўся ў горад, дзе бацька-кароль ужо, напэўна, пачаў за яго хвалявацца.
Прынц сказаў бацьку, што, палюючы, заблудзiў у лесе i правёў ноч у хатцы ў аднаго вугальшчыка, якi накармiў яго чорным хлебам i сырам. Кароль быў чалавек добры i прастадушны i паверыў сыну, але каралеву ягоныя словы зусiм не пераканалi. Калi ж яна заўважыла, што сын амаль кожны дзень пачаў ездзiць на паляванне i кожны раз, па дзве-тры ночы праводзячы не дома, прыдумляе гэтаму нейкае апраўданне, яна наогул упэўнiлася, што недзе ў яго завялася каханка. На той час прынц жыў з прынцэсаю ўжо цэлыя два гады, i ў iх ужо нарадзiлася двое дзетак. Першую, дачку, назвалi Заранкаю, а другому, сыну, далi iмя Дзень, бо ён быў яшчэ прыгажэйшы за сястру.
