
Iнспэктар - злачынца, якому хапiла мужнасьцi, каб нешта зьдзейсьнiць. Вось жа ён i стаў на бок закону й парадку. Яшчэ больш iмаверна, што iнспэктар перасьледаваў бы мяне, што б я нi ладзiў. Ягоны досьвед зрабiў зь яго кагосьцi, хто мусiць перасьледаваць такога, як я. Мой досьвед зрабiў зь мяне кагосьцi, хто мусiць аднойчы выбiць у гэтага iнспэктара люльку з пашчы.
Натуральна, ён мае люльку. I адмысловы капялюш. I маленькую машыну, якую можна паркаваць дзе-любя. I жонку, якая не губляе цярплiвасьцi й не пужаецца, нават калi ён праз усю ноч не вяртаецца дадому. I iрляндзкага сэтэра, якi заўсёды паскугольвае ад адданасьцi, калi ягоны гаспадар ранiшнiм прыцемкам вяртаецца дадому. Наш сябра ведае кожны крок, якi робiць iнспэктар, i кожнага ягонага начальнiка, i кожнага супрацоўнiка.
Наш сябра, строга кажучы, куды больш пiльна сочыць iнспэктара, чымся iнспэктар яго. Апошнiм часам у нас нават склалася ўражаньне, што ён упiкае iнспэктару нядбайнасьць. Iнспэктар замала пераймаецца iм, так ён кажа. Мусiць, тут ход толькi пра новы вiд змаганьня, кажа ён. Iнспэктар хоча справакаваць мяне. На жаль, наш сябра ня можа адказаць на стрыманасьць iнспэктара тым жа. Ён гутарыць пра iнспэктара тым больш, чым менш той пераймаецца iм. Мiжсобку, гэта значыць, калi нашага сябра няма, мы кажам: iнспэктар перамог.
Спадзяемся, што ён пра гэта ня ведае, кажам мы. Мы баiмся, што наш сябра разбурае свой апошнi шанец.
